Лідка Пякарская: Рыхтуем намётавае мястэчка і дасылаем добрыя думкі
Заўтра стартуе Фестываль музыкі маладой Беларусі Басовічша 2018.
Сёлета фэст будзе праводзіцца ўжо 29-ты раз. Арганізатары паведамляюць пра змены ў канцэртнай праграме і пра працэс падрыхтоўкі. Апошнія падзеі вакол “Басовішча” высвятляе наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч у адной з арганізатарак фестывалю Лідкі Пякарскай.
РР: Як адбываецца арганізацыя фэсту менавіта ў гэтыя дні – перад самім пачаткам?
Лідка Пякарская: Гэта праца больш фізічная, можна сказаць. Трэба падрыхтаваць намётавае мястэчка, каб там можна было паставіць намёты. Падрыхтаваць знакі, каб людзям было лягчэй дайсці ў Барык. Ну і ўпарадкаваць усё, падлічыць кашулькі – колькі вялікіх памераў, колькі малых. Таму такая праца больш фізічная, але ўсё робім разам. Цяжкі тыдзень, але вельмі прыемны.
РР: Наша размова адбываецца напярэдадні фестывалю, дакладней за тры дні. Надвор’е на Беласточчыне, мякка кажучы, не радуе. Магчыма, у кагосьці з’явіліся сумневы, ці ехаць на “Басовішча”. А як самі арганізатары гэта адчуваюць? Бо стварэнне намётавага мястэчка – гэта праца на адкрытым паветры.
Лідка Пякарская: Маем з гэтага стрэс. Праз тое, што падае цэлы час дождж. Але ў мінулыя гады таксама падаў дождж. А ўжо на самое Басовішча – не падаў. Таму мы цяпер дасылаем добрыя думкі, каб гэтага дажджу не было. Маем добрыя думкі.
РР: Як адбывалася запрашэнне гуртоў на сёлетні фэст? Зразумела, што ў кожнага свая гісторыя, дакладней, свая гісторыя супрацоўніцтва з кожным гуртом.
Лідка Пякарская: Напрыклад, “Крамбамбуля”. Запрасілі таму, што яна выйграла ў анкеце, якую мы зрабілі. Яна з першага моманту перамагала. Такім жа чынам мы выбралі “Петлю пристрастия”, яны, па-першае, ніколі не былі на Басовішчы, а па-другое, людзі прасілі гэты гурт запрасіць. Яны вельмі крутыя. Таксама выступіць “Разбітае сэрца пацана”. Я асабіста вельмі хачу іх пабачыць. Я яшчэ ніколі іх не чула ў жывую. Таму мне самой нават вельмі цікава. “Нагуаль” у мінулым годзе зрабілі цудоўны выступ, таму не маглі мы іх не запрасіць сёлета. Яны таксама вельмі ахвотна згадзіліся. “Neuro Dubel” выдаў новы дыск, які вельмі папулярны, таму таксама хацелася б іх пабачыць у нас на сцэне.
РР: Ці можна казаць, што “Петля пристрастия” і “Разбітае сэрца пацана” – гэта доўгачаканыя госці фэсту?
Лідка Пякарская: Так. Мы вельмі шчаслівыя, што ўвогуле змаглі з імі дагаварыцца. Бо ў мінулыя гады, калі мы гаварылі з “Разбітым сэрцам пацана”, то неяк разміналіся. Цяжка было дамовіцца. Але сёлета ўсё будзе ок.
РР: Якія яшчэ гурты прымаюць удзел? Можна пералічыць усе.
Лідка Пякарская: Канцэрты пачынаем з конкурсу маладых гуртоў. Выступіць Will’N’Ska, гурт з Вільні, які спявае па-літоўску, таксама па-польску, і спадзяемся, што таксама нешта па-беларуску праспяваюць, бо спробы нейкія ёсць. Выступяць гурты з Падляшша Ostrov і Ilo & Friends. Таксама гурты Lao Che, B:N:, The Glitchhh, які вельмі папуляны ў Польшчы. На іх прыедуць не толькі людзі з Беларусі, але таксама з Польшчы. Выступіць Teleport, які быў пераможцам у мінулым годзе.
РР: Якія змены датычацца конкурснай праграмы?
Лідка Пякарская: Змены вялікія. Нават на “Адборышчы” можна было пачуць, што музыка вельмі мяняецца. Цяпер электронная музыка больш папулярная. Але не ўсім гэта падабаецца. Бо на 8 гуртоў, якія прымалі ўдзел у “Адборышчы” ў Менску, 2 ці 3 увогуле мелі бубны. Таму гэта нешта новае. Не ўсім гэта падабаецца. Маўляў, гэта ўжо не тое Басовішча, якое было раней, дзе гучала пераважна рок-музыка. Але такой музыкі што раз менш.
РР: Ці падазраеце, што з гэтай прычыны можа змяніцца аўдыторыя фестывалю?
Лідка Пякарская: Аўдыторыя, пэўна, крыху памяняецца. Бо многа маладаых людзей з Польшчы кажа: о, гэта штосьці новае, штосьці цікавае. Фестываль бясплатны. Музыка іншая. Таму больш людзей з Польшчы прыязджае. Але фанаты Басовішча прыедуць проста для атмасферы, для самога факту, што ў ліпені заўсёды едуць на Басовішча.
РР: А хто сёлета будзе ў журы на конкурсе?
Лідка Пякарская: У журы будуць тыя ж самыя асобы, што і былі на “Адборышчы” – Ілона Карпюк, Анджэй Байгус (Радыё Беласток), Хрысціна Дарапей, Віталь Зыблюк, Оля Малюшыцкая і, вядома, БАС.
РР: Вы згадалі “Адборышча”. А як сёлета праходзіла “Адборышча”?
Лідка Пякарская: Каля 30 гуртоў падалі заяўкі. Было цяжка выбраць восем. Бо ўзровень сапраўды быў высокі. І былі дыскусіі. Далі мы голас публіцы, гледачам, і яны выбаралі гурт „Колір”. Але, на жаль, гурт „Колір” не прыедзе на Басовішча. Сямейныя справы. Таму іх заступіць гурт “Нурберг” , які таксама меў шмат балаў. Нешта, відаць, памяняем на наступны год. Але, думаю, самае важнае, што мы далі голас публіцы.
РР: Якія спосабы маюць госці фестывалю даехаць да Гарадка? Можа якія змены ў раскладзе прадугледжаны.
Лідка Пякарская: Будуць дадатковыя цягнікі “Беласток – Валілы”. Дакладна гадзіны не памятаю, іх можна праверыць у нас на Фэйсбуку. Таксама варыянт – даехаць аўтобусам. Расклад можна паглядзець у інтэрнэце.
РР: Якая праграма на фестывалі прадугледжана па-за музыкай?
Лідка Пякарская: Будуць працаваць на БАСмежжы 3 крамы: “Мой родны кут”, “Імбрык.бай” і “Модная цішотка”. На БАСмежжы таксама будзе канцэрт польскага панк-гурта “Błękitny nosorożec”. І таксама запланавана падзея для дзяцей – Яанна Троц будзе чытаць казкі па-свойму, на беларускім дыялекце.
Цалкам размова:
З прадстаўніцай Беларускага аб’яднання студэнтаў, адной з арганізатарак фестывалю “Басовішча-2018” Лідкай Пякарскай размаўляў Кастусь Багушэвіч.