Ліквідаваны нелегальны ігральны зал у Астраленцы
Супрацоўнікі Падляшскай падатковай адміністрацыі (KAS) ліквідавалі незаконны ігральны зал у Астраленцы. У памяшканні знаходзіліся 3 гульнявыя аўтаматы, дзе можна было весці незаконныя азартныя гульні.
Уладальнікі аўтаматаў і людзі, якія арганізуюць такія віды гульняў, рызыкуюць быць пакараныя вялікімі штрафамі. Кажа прэс-сакратар падляшскіх мытнікаў – Мацей Чарнэцкі:
– Супрацоўнікі KAS з Ломжы выявілі, што ў Астраленцы працуе нелегальны ігральны зал. Пасля ўваходу ў памяшканне, у якім працавалі, сярод іншага, сістэма выбару кліентаў і маніторынг, былі выяўлены 3 гульнявыя аўтаматы. Прылады, на якіх можна было весці азартныя гульні, а таксама наяўныя грошы і нататкі, якія тычацца выйгрышаў, былі канфіскаваны па крымінальнай справе. Супрацоўнікі КАS апыталі 40-гадовага мужчыну і 39-гадовую жанчыну, якія знаходзіліся ў памяшканні.
Як паведаміў Мацей Чарнэцкі, арганізатарам незаконных гульняў пагражае штраф у памеры 100 тысяч злотых за кожны аўтамат.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: podlaskie.kas.gov.pl