Ліна Габт: Сама я руская, жыву ў Нямеччыне, але Беларусь – мая другая радзіма



Госця Радыё Рацыя Ліна Габт грамадзянка Нямеччыны, якая нарадзілася ў Расеі, 16 год пражыла ў Беларусі і засталася яе прыхільніцай. У знак салідарнасці з беларусамі тры гады таму і валасы, і адзенне спадарыні Ліны сталі бел-чырвона-белымі. Мы пагаварылі з нашай госцяй, чаму яна пайшла на такі крок, як ёй, пенсіянерцы, жывецца ў Германіі.

РР: Вы даўно жывеце ў Германіі?

Ліна Габт: У Нямеччыне я жыву 42 гады.

РР: Чаму вырашылі надзець беларускі строй і нават валасы пафарбавалі ў бел-чырвона-белы колер?

Ліна Габт: Гэта я зрабіла тры гады таму. Тры гады я так хаджу па Берліну і па іншых краінах. Дзе я толькі не бываю – заўсёды ў мяне чырвоныя і белыя сукенкі. Зараз у мяне яшчэ з’явіўся пас. Я так хаджу. Мне так падабаецца. Людзі спыняюць мяне і гавораць: «Як прыгожа!» І я тады пачынаю расказваць пра Беларусь і што там адбылося. Вось ужо тры гады як я такое раблю.

РР: Вы прынялі такое рашэнне ў 2020 годзе пасля рэвалюцыі?

Ліна Габт: Аднойчы я сядзела дома і чытала навіны. Я прачытала пра Ніну Багінскую, як у яе адбіраюць сцяг. І я вырашала мае валасы пафарбаваць як сцяг, бо тады ніхто не зможа ў мяне яго адабраць. Вось такая ў мяне была ідэя, і з таго часу я так хаджу па вуліцах.

РР: У жанчын не пытаюцца, але я ўсё ж пацікаўлюся: колькі вам гадоў?

Ліна Габт: Амаль што 70. Вельмі хочацца зноў паехаць у Беларусь, але ў такім выглядзе я не магу. Вельмі публічная стала за гэты час.

РР: А вы даўно былі ў Беларусі?

Ліна Габт: Апошні раз у 2019 годзе.

РР: Што вас тады здзівіла і ўразіла, калі вы былі ў 2019 годзе?

Ліна Габт: Усё было нармальна, усё было добра. Я заўсёды езджу да сваіх сваякоў у вёску на Віцебшчыне. Усё было добра.

РР: Вы з Віцебшчыны самі?

Ліна Габт: Не. Я сама руская. Але я жыла ў Беларусі 16 год і палюбіла Беларусь. Для мяне яна стала другой радзімай. Ну а Нямеччына – трэцяй.

Цалкам размова:

З госцяй Радыё Рацыя Лінай Габт размаўляла наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.