Літоўскія памежнікі затрымалі больш за 70 нелегалаў на мяжы з Беларуссю
Літоўскія памежнікі за апошнія некалькі сутак затрымалі 72 нелегальныя мігранты на мяжы з Беларуссю, паведаміла Дзяржаўная памежная служба Літвы.
Так, 3 чэрвеня на мяжы з Беларуссю былі затрыманыя 52 нелегальныя мігранты. Згодна з папярэднімі звесткамі, гэта грамадзяне Ірака, Сірыі, Беларусі і Расеі. Большасць з іх прасілі прыстанку ў Літве.
У ноч на 5 чэрвеня былі затрыманыя яшчэ 20 чалавек, якія парушылі беларускую мяжу. Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта грамадзяне Кыргызстана і Таджыкістана. У большасці з іх ёсць дакументы, што сведчаць асобу.
„У сувязі з нядаўнім павелічэннем колькасці выпадкаў незаконнага пранікнення мігрантаў з Беларусі ў Літву дадатковыя сілы Службы грамадскай бяспекі і Саюза стралкоў дапамагаюць памежнікам кантраляваць мяжу з Беларуссю. Сюды ж прыкамандзіраваныя супрацоўнікі з іншых падраздзяленняў і выдзеленыя дадатковыя тэхнічныя рэсурсы. Прынятыя і іншыя меры па ўзмацненні бяспекі мяжы з Беларуссю”, — адзначылі ў літоўскай памежнай службе.
Паводле яе звестак, сёлета прыблізна 270 нелегальных мігрантаў, у асноўным грамадзяне Ірака, спрабавалі ўехаць у Літву з Беларусі. Гэты паказчык больш як у тры разы вышэйшы, чым за ўвесь 2020 год.
26 мая ў беларускіх праўладных тэлеграм-каналах з’явіліся паведамленні, як сцвярджаецца, з асобнымі заявамі Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з дэпутатамі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу, членамі канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання. У прыватнасці было апублікаванае паведамленне з яго рэакцыяй на дзеянні краін Захаду: „Лукашэнка: мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — зараз будзеце самі іх есці і лавіць”.
Гэтыя паведамленні былі перадрукаваныя ў тэлеграм-канале аднаго з дзяржаўных тэлеканалаў. Са спасылкай на яго адпаведныя навіны апублікавалі некаторыя расійскія і ўкраінскія СМІ. Прэс-служба Лукашэнкі ў расшыфроўцы выступу на яго сайце такіх заяў не прыводзіць. Няма іх і ў паведамленнях дзяржаўных СМІ.