Літоўскія памежнікі затрымалі новую партыю кантрабандных цыгарэт з Беларусі
Літоўскія памежнікі затрымалі амаль 2 тыс. пачкаў кантрабандных цыгарэт з Беларусі, паведамляе Дзяржаўная памежная служба Літвы.
У раёне Швянчоніса, прыкладна за 50 метраў ад дзяржаўнай мяжы з Беларуссю, сабака памежнай службы Літвы заўважыў дзве звязкі, абгорнутыя чорным поліэтыленам. У іх было 1997 пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі.
Падчас спецаперацыі, якую зладзілі літоўскія памежнікі, у зоне каля мяжы затрыманы 46-гадовы жыхар Вільні, у якога пры сабе не было дакументаў, што сведчаць асобу. У дачыненні да яго пачатая адміністрацыйная справа. За перавозку падакцызных тавараў з парушэннем устаноўленага парадку яму пагражае штраф да 6000 еўра. Справу будзе разглядаць суд.
Варта адзначыць, што апошнім часам мытнікі і памежнікі Польшчы і Літвы рэгулярна затрымліваюць кантрабандыстаў беларускіх цыгарэт. Пра апошні выпадак буйной кантрабанды цыгарэт з Беларусі паведамілі польскія памежнікі 26 сакавіка 2021 года.
На думку экспертаў, кантрабанда беларускіх цыгарэт абумоўленая тым, што ў Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі ЕАЭС і ЕЗ іх кошт самы нізкі з-за самых нізкіх ставак акцызаў.
Намеснік міністра фінансаў Беларусі Дзмітрый Кійко, выступаючы летась у Палаце прадстаўнікоў, адзначаў, што ў Беларусі стаўкі акцызаў складаюць ад 9,4 да 27,3 еўра за тысячу цыгарэт, а ў Расеі — 33,4 еўра за тысячу, у Казахстане — 21,7 еўра за тысячу, у Арменіі — 18,4 еўра за тысячу. У Еўразвязе стаўкі акцызаў на тытунёвую прадукцыю значна вышэйшыя — ад 90 да 150 еўра за тысячу цыгарэт.
У 2020 годзе ў Беларусі было ратыфікаванае пагадненне аб прынцыпах вядзення падатковай палітыкі ў галіне акцызаў на тытунёвую прадукцыю дзяржаў — членаў ЕАЭС. Дакумент прадугледжвае, што паступова стаўкі акцызаў на тытунёвую прадукцыю ў Беларусі будуць павышацца да ўзроўню, які ўсталяваны ў іншых краінах ЕАЭС.