Літоўца прызналі вінаватым у шпіянажы на карысць Беларусі
Грамадзянін Літвы Рамуальд Ліпскі асуджаны на 3 гады і 3 месяцы за шпіянаж на карысць беларускай выведкі.
Рамуальд Ліпскі (Фота DELFI)
Прысуд вынес акруговы суд Вільні 5 лістапада. Літовец быў арыштаваны ў пачатку мінулага года і таму на волю выйдзе ўжо меней як праз паўтары года, калі прысуд не будзе аспрэчаны, паведамляе агенства Delfi. Пракурор прасіў для Ліпскага 8 гадоў зняволення. Па адным з эпізодаў абвінавачання беларускі шпіён быў апраўданы.
Рамуальду Ліпскаму 57 год, ён працаваў тэхнікам на дзяржаўным прадпрыемстве, якое аказвае паслугі паветранай навігацыі. Паводле суду, Ліпскі, які меў доступ да тэхнічнай і службовай інфармацыі прадпрыемства, ў сваім кабінеце фатаграфаваў дакументы, датычныя літоўскіх аэрапортаў, у тым ліку вайсковых, і перадаваў іх супрацоўніку беларускай выведкі Сяргею Куруленку, з якім супрацоўнічаў з кастрычніка 2012 па сакавік 2013 года. Пры гэтым суд не ўстанавіў, што Рамуальд Ліпскі атрымліваў грошы за перададзеную ім інфармацыю.