Літоўцы затрымалі рэкордную кантрабанду цыгарэт з Беларусі



Партыю нелегальных цыгарэт затрымалі ў Вільні яшчэ ў канцы снежня, але спатрэбіўся час, каб ацаніць яе памеры. 672 000 пачак на суму больш за 2 мільёны 600 тысяч еўра — гэты груз з’яўляецца самай буйной кантрабандай, затрыманай памежнікамі з 2000 года, піша партал Delfi.

Супрацоўнікі Службы аховы дзяржмяжы паведамляюць, што 29 снежня арганізавалі аперацыю па затрыманні кантрабанды. Перахоп незаконнага грузу ажыццяўляўся пры супрацоўніцтве з мытнікамі і супрацоўнікамі ўпраўлення бяспекі.

У Вільні на чыгуначнай станцыі Панярай памежнікі праверылі тры вагоны грузавога цягніка, які стаяў там. Ён прыехаў у Літву з Беларусі.

У памежнікаў узнікла падазрэнне, што ў вагонах можа быць схаваная кантрабанда. Падчас надгляду ў вагонах былі выяўленыя вялікія мяшкі з грануламі сланечніка, сярод якіх і былі скрынкі з цыгарэтамі.

У астатніх вагонах кантрабанды не было.  Распачатае дасудовае расследаванне па факце незаконнага збыту акцызных тавараў.  У 2022 годзе памежнікі прадухілілі трапленне на чорны рынак 4 мільёнаў 322 114 пачкаў цыгарэт, абсалютная большасць якіх была прывезена з Беларусі.

Фота: delfi.lt