Ліцэй у Дуброве Беластоцкай прыме яшчэ больш вучняў з Беларусі   



Ліцэй у Дуброве Беластоцкай будзе прымаць яшчэ больш вучняў з Беларусі.

Зараз у ліцэі імя генерала Нікадэма Суліка  навучаецца каля 30 чалавек з Заходняй Беларусі, аднак зацікаўленне вучобай з года ў год падвышаецца, кажа дырэктар пляцоўкі Яраслаў Буднік:

– Мы думаем павялічыць колькасць месцаў у інтэрнаце, бо зацікаўленасць з беларускага боку да ліцэя павялічваецца. Былі мы ў мінулым годзе на сустрэчах з моладдзю ў Беларусі. Адбылося ўжо тры такіх сустрэчы, чацвёртая запланавана. І магу сказаць, што ёсць вялікая зацікаўленасць.  

Сёлета ўпершыню вучаніца з Беларусі Маргарыта Савашэвіч прадстаўляла дуброўскі ліцэй у алімпіядзе па беларускай мове:

– Мне вельмі прыемна, што ёсць такія маладыя людзі, якія цікавяцца беларускай літаратурай, культурай, мовай у Польшчы. Якія не забываюцца пра свае карані. Гэта з’яўляецца вялікай надзеяй для ўсяго беларускага народу. Таксама мне вельмі падабаецца тое, што я магу выкарыстоўваць свае здольнасці. Магу пабыць з разумнымі людзьмі, праверыць свае веды.

Вучні з Беларусі навучаюцца ў Дуброўскім ліцэі бясплатна. Яны маюць магчымасць прымаць удзел у дадатковых уроках польскай мовы.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя