Літва: Адкрываць мяжу з Беларуссю цяпер было б вельмі рызыкоўна
Літва лічыць вельмі рызыкоўным адкрываць цяпер мяжу з Беларуссю, заявіў у інтэрв’ю Ziniu radijas літоўскі міністр аховы здароўя Аўрэліюс Вярыга, перадае Delfi.
„Адкрывацца з Беларуссю цяпер было б вельмі рызыкоўна, як і з Расеяй ці яшчэ з некалькімі іншымі краінамі, якія, на мой погляд, гуляюць у вельмі рызыкоўную гульню”, — адзначыў Вярыга.
Паводле яго слоў, рызыкоўнай і неапраўданай з’яўляецца стратэгія краін дазволіць заразіцца вялікай частцы папуляцыі, каб паспрабаваць сфарміраваць масавы імунітэт.
„Можа, будзе крыху лягчэй, калі казаць пра Беларусь, бо падобна на тое, што Еўрасаюз хоча выпрацаваць адзіную стратэгію ў дачыненні да трэціх краін у плане адкрыцця межаў, аднаўлення паездак, і гэта на самай справе было б вельмі добра”, — сказаў міністр.
Вярыга таксама адзначыў, што спачатку трэба сканцэнтравацца на аднаўленні паездак і адкрыцці межаў у рамках шэнгенскай прасторы, дзе выкарыстоўваюцца падобныя меры для барацьбы з пандэміяй. „З любымі такімі краінамі, як Беларусь, дзе хваробу і адмаўляюць, і гучыць вельмі дзіўная рыторыка, я думаю, вельмі небяспечна спяшацца адкрываць межы”, — дадаў ён.
Беларусь не прымала такіх строгіх мер для спынення распаўсюджвання віруса, як іншыя краіны (не быў уведзены каранцін, праводзіліся масавыя мерапрыемствы), канстатуе літоўскае выданне. У тым ліку 9 мая адбыўся парад з нагоды Дня Перамогі. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка не прызнаваў пагрозу пандэміі COVID-19, называючы яе „псіхозам”.
У Беларусі на 10 чэрвеня пацверджана 51.066 выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19, памерла 288 чалавек. За апошнія суткі агульная колькасць выяўленых выпадкаў павялічылася на 801. Ачуняла і выпісана 25.667 пацыентаў.
Паводле інфармацыі анлайн-карты Інстытута Хопкінса, на раніцу 11 чэрвеня ў Літве было 1.733 выпадкі каронавіруса (памерла 74 чалавекі). У Расеі пацверджана больш за 493 тысячы выпадкаў (памерла 6.358 чалавек). Па гэтым паказчыку Расія займае трэцяе месца пасля ЗША і Бразіліі.
Фота: скрыншот з відэа