Літва адзначыла 102-ыя ўгодкі дзяржаўнасці
З нагоды 102-іх угодкаў аднаўлення дзяржавы ў нядзелю, 16 лютага, у сталіцы Літвы Вільні адбылося традыцыйнае шэсце „Шляхам дзяржаўнасці”. Яно прайшло ад Катэдральнага пляцу да могілак Росы. У шэсці ўдзельнічала некалькі тысяч, пераважна маладых, людзей.
Упрыгожаннем шэсця стаў вялізны літоўскі трыкалор, які неслі школьнікі і іх настаўнікі. Бальшыня ўдзельнікаў шэсця неслі святочную сімволіку: сучасныя дзяржаўныя сцягі, гістарычныя з „Пагоняй”, трохкаляровыя шалікі.
Шэсце прайшло ўздоўж Дома падпісантаў, уздоўж Ратушы ў бок Вялікага палацу віленскага сэйму, дзе прысутныя разам з старшынём Вярхоўнага Савету Аднаўляльнага Сэйму Вітаўтасам Ландсбергісам выканалі гімн Літвы.
Вітаўтас Ландсбергіс
Далей праз Вострую браму шэсце рушыла ў бок могілак Росы, дзе была ўшанавана памяць падпісантаў Акту ад 16 лютага 1918 года Ёнаса Басанавічуса, Міколаса Біржышкі і Ёнаса Вілейшыса, а таксама герояў паўстання 1863 года, памяць змагароў, якія загінулі за свабоду Літвы ў найноўшы час.
Цяперашні прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа
Паводле звестак паліцыі, у шэсці ўзялі ўдзел больш 2 тысяч чалавек, пераважна школьнікі, але былі і сем’і з дзецьмі, моладзь і пенсіянеры.
16 лютага 1918 года ў Вільні Рада Літвы абвесціла пра аднаўленне незалежнай Літоўскай дзяржавы.
Паводле сайту delfi.lt