Літва фіксуе рост другаснай нелегальнай міграцыі з Беларусі праз Латвію
Літва дапамагае Латвіі ў ахове мяжы з Беларуссю ў сувязі з ростам другаснай нелегальнай міграцыі. Пра гэта заявіла літоўскае Міністэрства ўнутраных спраў. Па стане на 25 верасня ў Літве затрымалі 822 грамадзян трэціх краін, якія прыбылі праз мяжу з Латвіяй. «Гэта ў 20 разоў больш, чым за аналагічны леташні перыяд», — канстатуюць у ведамстве.
У Польшчу за мінулыя суткі з Беларусі спрабавалі нелегальна трапіць 33 іншаземцы. З пачатку года службы зафіксавалі больш за 21 тысячу спроб нелегальнага перасячэння польска-беларускай мяжы. За гэты ж перыяд было затрымана больш за 550 кантрабандыстаў, якія спрабавалі даставіць нелегалаў у краіны ЕЗ. Па статыстыцы прыкладна кожная дзясятая спроба нелегальнага перасячэння мяжы з Беларуссю заканчваецца паспяховым пераадоленнем памежнага мура. Аднак потым мігрантаў затрымліваюць польскія памежнікі.
Паколькі зараз асноўным пунктам перасячэння мяжы ЕЗ з Беларуссю з’яўляецца Латвія, польскія патрулі ўзмацнілі сваю прысутнасць на Сувальшчыне.
Беларускае Радыё Рацыя