Літва перадала беларускай амбасадзе ноту пратэсту
У амбасаду Беларусі ў Вільні была перададзеная нота Літвы з нагоды аднабаковага парушэння Беларуссю двухбаковага пагаднення пра мяжу.
«Беларусь пасля абеду ў чацвер у аднабаковым парадку, не папярэдзіўшы Літву, і ў парушэнне прадугледжаных у двухбаковым парадку дамоваў часткова закрыла мяжу з Літвой. У ноце заклікаем растлумачыць гэтае парушэнне двухбаковага пагаднення і забяспечыць, каб такія парушэнні не паўтараліся», — гаворыцца ў паведамленні МЗС Літвы.
Увечары 29 кастрычніка грамадзяне Беларусі на працягу некалькіх гадзін не маглі ўехаць у краіну з сумежных дзяржаў (апрача Расеі) у сувязі з прынятым рашэннем аб часовым абмежаванні ўезду з Украіны, Латвіі, Літвы і Польшчы. Менсктранс у сваім тэлеграме паведаміў, што міжнародныя рэйсы аднавіліся ад 7-й гадзіны 30 кастрычніка.
Беларускае Радыё Рацыя