Літва працягнула тэрмін затрымання мігрантаў да года



Мігранты, якія прыбываюць у Літву з тэрыторыі Беларусі, могуць быць затрыманы тэрмінам да года. Адпаведнае рашэнне прыняў у чацвер літоўскі Сейм, павялічыўшы першапачатковы шасцімесячны тэрмін утрымання пад вартай, паведамляе „Еўрапейская праўда” са спасылкай на Reuters.

81 дэпутат падтрымаў падаўжэнне шасцімесячнага тэрміну ўтрымання пад вартай, якое было ўведзена ў ліпені ў рамках планаў утрымліваць вялікую колькасць мігрантаў у лагерах паблізу мяжы і стрымліваць іншых ад спроб перасекчы мяжу. Супраць падаўжэння тэрміна выступілі 14 дэпутатаў, а 15 устрымаліся.

„Мы павінны адправіць паведамленні мігрантам і Еўропе. Мігранты не апанавалі Еўропу, і Еўропа нам удзячная”, – сказала міністр унутраных спраў Агне Білатайце ў парламенце.

Па дадзеных міністэрства ўнутраных спраў Літвы, сёлета ў Літву з Беларусі прыбылі каля 4300 мігрантаў, прычым дзве траціны складаюць грамадзяне Ірака. Больш за 3000 чалавек знаходзяцца ў лагерах для мігрантаў, паведамляе міністэрства.

З пачатку жніўня Літва выцесніла больш за 7000 чалавек праз мяжу, якая праходзіць уздоўж маланаселеных лясоў і балот.

Фота: 15min.lt