Літва вырашыла будаваць плот на забалочаных участках мяжы з Беларуссю і РФ



Літва вырашыла будаваць плот на забалочаных участках на мяжы з Беларуссю і Расеяй. Такое рашэнне ў МУС Літвы прынялі пасля нарады з іншымі зацікаўленымі ведамствамі (Міністэрствам навакольнага асяроддзя і Дзяржслужбай ахоўных тэрыторый), якая прайшла ў сераду, паведамляе Delfi.

Кіраўніца МУС Літвы Агне Білатайце распавяла, што атрымалася знайсці рашэнні, якія будуць „мінімальна шкодзіць прыродзе”. „Неабходныя дадатковыя меры па ахове межаў, паколькі толькі сёлета ў багністых мясцовасцях на мяжы з Беларуссю было папярэджана пранікненне каля 700 нелегальных мігрантаў, выяўлена 13 выпадкаў кантрабанды”, — расказала яна.

Пра тое, што Літва можа пабудаваць плот нават на забалочаных участках на мяжы з Беларуссю, стала вядома ў сярэдзіне верасня. Была створана працоўная група для вывучэння такой магчымасці. На сённяшні дзень плот і калючы дрот усталяваны літоўцамі на 550 кіламетрах 679-кіламетровай мяжы з Беларуссю. Застаецца больш за 120 кіламетраў мяжы ўздоўж рэк, азёр, балот. Там памежная зона кантралюецца камерамі відэаназірання і іншымі тэхнічнымі сродкамі.

Беларускае Радыё Рацыя