Літва вырашыла вярнуць абавязковую ваенную службу
Урад Літвы ўхваліў законапраект аб вяртанні абавязковай ваеннай службы, падрыхтаваны Міністэрствам абароны краіны, паведамляе Delfi. Мяркуецца, што прызыў адновяць на пяць гадоў для маладых людзей ва ўзросце 19-26 гадоў і да 38 гадоў для выпускнікоў ВНУ.
Фота: Вільня, лістапад 2014 года, парад з нагоды Дня літоўскага войска
Цяпер абмеркаванне законапраекта працягнецца ў парламенце рэспублікі. У выпадку, калі закон будзе прыняты, бліжэйшы прызыў правядуць у жніўні-верасні. За гэты год плануецца прызваць каля 3,5 тысяч чалавек. У агульнай складанасці пяцігадовае аднаўленне прызыву дазволіць стварыць рэзерв ваенных кадраў у 16-17 тысяч чалавек.
Тэрмін службы для прызыўнікоў складзе да дзевяці месяцаў. Ад абавязковага вайсковага прызыву ўлады Літвы адмовіліся ў 2008 годзе. 24 лютага прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ заявіла, што дзяржаўная рада рэспублікі па абароне прыняла рашэнне ініцыяваць вяртанне да абавязковай ваеннай службы «у сувязі са зменай геапалітычнай сітуацыі».
Паводле папярэдніх ацэнак, вяртанне да абавязковай службы для Літвы толькі ў 2015 годзе ацэньваецца ў 30-35 мільёнаў еўра.
Беларускае Радыё Рацыя