Лукаш Леанюк абраны старшынём Звяза “Шчыты”
Арганізацыя, якая праводзіць вядомы, як на Падляшшы, так і ў Беларусі, музычны фестываль “Бардаўская восень” зменіла старшыню. Працяглы час Звяз у карысць адукацыі і прамоцыі беларускай культуры “Шчыты” ўзначальваў Ігар Лукашук.
10 снежня на сходзе быў абраны новы кіраўнік – наш калега, журналіст Лукаш Леанюк. Ён дзеліцца сваімі планамі:
– Па-першае, мы хацелі б працягваць “Бардаўскую восень”. І я хацеў бы, каб большы цяжар перайшоў на Беласток. Каб у Беластоку, напрыклад, былі б два канцэрты “Бардаўскай восені”. Маем Оперу і Філармонію Падляшскую, якая з’яўляецца ідэальнай сцэнай для “Бардаўскай восені”. У Бельску Падляшскім дагэтуль мы мелі два канцэрты. Можа варта зробім адзін. Зробім другі ў Гайнаўцы. Хочам таксама больш канцэртаў “Бардаўскай восені” рабіць у маленькіх мясцовасцях – Орля, Нараўка, Нарва, Дубічы Царкоўныя, напрыклад. Хочам таксама далей рабіць сустрэчы “Традыцыя, сучаснасць, будучыня”. Але таксама думаю, што ўжо паволі трэба нам арганізаваць нешта ў самім цэнтры “Шчыты”, калі ідзе пра сталае дзеянне. Я бы хацеў запрасіць да супрацоўніцтва арганізацыі, людзей, якія дзейнічаюць у нашай беларускай прасторы.
Лукаш Леанюк вядомы не толькі як журналіст, але і як каардынатар праекту “Беларускія сляды ў Беластоку”, які ён ладзіць разам з іншым супрацоўнікам Радыё Рацыя Аляксеем Трубкіным.
Цалкам размова:
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара