Лукішскі пляц у Вільні стане мемарыяльным месцам



10 ліпеня прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падпісаў прыняты Сеймам закон пра мемарыяльны статус плошчы Лукішкес (Лукішкі) у цэнтры Вільні.

Кіраўнік дзяржавы ўгледзеў недахопы ў працэсе прыняцця закону, але рашэнне падпісаць яго аргументаваў імкненнем „не кідацца ў палітычныя інтрыгі, якіх і так хапае ў перадвыбарчы перыяд, і тым самым не спрыяць ім”.

У канцы чэрвеня Сейм прыняў закон, які гаворыць пра тое, што плошча Лукішкі ў Вільні ёсць асноўнай рэпрэзентатыўнай плошчай Літоўскай дзяржавы з манументам Віцісу (Пагоня, герб, які ёсць дзяржаўным гербам Літвы). Паводле закону, мемарыяльныя акцэнты пляцу Лукішкі павінны адлюстроўваць змаганне Літваы за незалежнасць і памяць пра загінуўшых за яе, увекапомніць месца пакарання смерцю ўдзельнікаў паўстання 1863-64 гадоў і памяць пра іх. Напомнім, што якраз на гэтым пляцы быў павешаны нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі.

У дакуменце прадугледжваецца, што выкарыстанне плошчы не можа супярэчыць грамадскаму парадку і высокай маралі. Кіроўная партыя краіны зарэгістравала праект як рэакцыю на рашэнне вільнюскіх уладаў размясціць на плошчы Лукішкес часовы пляж. Частка палітыкаў палічылі, што такім чынам была прадэманстраваная непавага да памяці змагароў за вольнасць.

Беларускае Радыё Рацыя