„Лупашка” не ведаў пра нявінных ахвяраў?
Рэпрэсіўныя дзеянні маёра Зыгмунта Шэндзеляжа „Лупашкі” на Беласточчыне ў траўні 1945 года ў дачыненні да беларусаў з’яўляюцца формай барацьбы за незалежны быт Польшчы, лічыць гісторык Інстытута нацыянальнай памяці ў Варшаве доктар Казімеж Краеўскі.
Пры гэтым гісторык прызнае, што гэтыя здарэнні ніколі не былі даследаваныя з пункту гледжання ахвяраў, даследчык абапіраўся толькі на архіўныя дакументы:
– Карыстаемся матэрыяламі створанымі, як камуністычным бокам, так і незалежніцкім. Добрага кантакту з мясцовымі праваслаўнымі жыхарамі мы не мелі. Вандруючы ў свой час па Падляшшы, гэта ўжо пасля напісання кнігі пра 5-ю брыгаду, мы таксама зазірнулі ў Патоку. Толькі тады ў размове з жыхарамі я даведаўся пра тую трагедыю, якая адбылася з дзецьмі. Магу запэўніць, што Зыгмунт Блажэевіч не ведаў, што загінулі дзеці. Не ведаў пра гэта і маёр Лупашка, якому дакладваў Блажэевіч.
Нагадаем, што маёр Зыгмунт Шэндзеляж „Лупашка” адказны за пацыфікацыю двух беларускіх вёсак Патокі і Вілюкі (у траўні 1945) на Падляшшы. Па яго загадзе, сярод іншых, быў расстраляны настаўнік беларускай мовы ў Нараўцы Аляксандр Валкавыцкі.
Амаль год таму адной з вуліц у Беластоку было прысвоена імя Лупашкі, гэтая ініцыятыва выклікала супраціў вялікай часткі беластачанаў. Цяпер прыхільнікі назвы вуліцы збіраюць подпісы за яе захаванне, праціўнікі ўжо сабралі подпісы за змену.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя