Ля гарадской управы Гайнаўкі адбылася акцыя «Вечная памяць»



На пляцы ля гарадской управы Гайнаўкі адбылася акцыя «Вечная памяць». На ёй ушаноўвалі ахвяр злачынстваў Рамуальда Райса «Бурага», якога лічаць сваім героем ультраправыя сілы, што з’ехаліся ў горад на Марш выклятых жаўнераў.

На акцыі ў памяць загінулых ад рук «Бурага» беларусаў прысутнічае наш карэспандэнт Валя Лаеўская:

— Паўгадзіны працягвалася акцыя «Вечная памяць» на цэнтральнай плошчы Гайнаўкі. Былі запаленыя знічы. Арганізатары чыталі спісы загінулых у Залеўанах, Шпаках, Занях, Вульцы-Выганоўскай і ў іншых месцах на Беласточчыне. У міжчасе прысутныя ставілі на помніку, які там знаходзіцца, ахвярам вайны і рэпрэсій, знічы. Гэтых знічоў было вельмі многа. Пазней людзі проста разышліся: пайшлі ў царкву Яна Хрысціцеля, бо праходзіць паніхіда ў памяць бязвінна загінулых. Арганізатары заклікалі сёння у 17 гадзін, калі скончацца ўсе маршы ў Гайнаўцы, каб людзі запалілі свечкі ў вокнах у памяць ахвяр і як сімвал таго, што Гайнаўка — не для нацыяналізму. Гэта такі мірны супраціў маршу, які на сцягах нясе забойцу мясцовых жыхароў.

У царкве Яна Хрысціцеля ў Гайнаўцы а 13-й гадзіне пачалася паніхіда ў памяць бязвінна загінулых ахвяр «Бурага».

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Валянціна Лаеўская