Ля консульства Беларусі ў Беластоку здзейснены акт вандалізму



У суботу неабыякавыя мінакі зафіксавалі факт частковага знішчэння элементаў стыхійнага мемарыялу пад сценамі консульства Беларусі ў Беластоку. Была разбіта частка знічоў. Адным з першых на месца здарэння прыбыў актывіст Мечыслаў Навагродскі, які і выклікаў аператыўна паліцыю:

– Колькі людзей забітых ёсць у Беларусі, якіх мы ўшанавалі вось тут. Мы прыходзім сюды, да гэтага месца, гэта наш кавалачак Беларусі, тут знаходзіцца, у Беластоку. І мы сюды прыехалі. І гэта вельмі балюча, калі тут, у Польшчы, у вольнай краіне, хтосьці робіць такія акцыі вандалізму. Гэта павінна разабрацца паліцыя. Таму што камеры ёсць. Хто такое робіць, павінен несці адказнасць.

Па словах паліцыі, паколькі агульны кошт знічоў ды іншых элементаў стыхійнага мемарыялу не перавышае 500 злотых, акт вандалізму не падлягае кваліфікацыі як злачынства згодна з польскім правам. Там не менш фотаздымкі з навакольных відэакамер ля консультсва будуць прадастаўлены зацікаўленым бакам.

Праз пару гадзін беларускія актывісты Беластоку навялі парадак ля мемарыялу, і дадалі новы элемент – драўляны элемент цыліндрычнай формы з бел-чырвона-белым вянком.

Беларускае Радыё Рацыя