Лясны пажар непадалёк Чарнобыльскай АЭС цалкам лакалізаваны
Сітуацыя на 100% кантралюецца. Пра гэта заявіў выконваючы абавязкі Дзяржаўнай службы Украіны па надзвычайных сітуацыях Заран Шкірак. Паводле яго словаў, плошчы з адкрытым агнём практычна не засталося. Радыёактыўны фон у норме.
Незалежныя эколагі пацвярджаюць гэтую інфармацыю і дадаюць, што вецер дзьме ад Кіева, і таму ніякіх загрозаў для кіяўлянаў няма.
Лясны пажар, які распачаўся ўчора апоўдні, атрымалася згасіць толькі сёння ўначы на падыходзе да будынкаў Чарнобыльскай АЭС. Гэта самы масштабны пажар у “чарнобыльскай зоне” ад 1992 года.
Для Беларускага Радыё Рацыі – Марцін Война, Украіна.
* * *
Лясны пажар, які ўспыхнуў у аўторак на тэрыторыі спецыяльнага камбінату „Чарнобыльская пушча” – у зоне адчужэння, з’яўляецца самым маштабным з 1992 года, аднак сітуацыя кантралюецца. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Украіны Арсень Яцанюк журналістам у кіеўскім аэрапорце „Жуляны” пасля вяртання з зоны ўзгарання ў аўторак вечарам.
Намеснік дырэктара Дэпартаменту рэагавання па надзвычайных сітуацыях украінскай дзяржслужбы – Мікалай Чачоткін не выключыў, што прычынай пажару ў зоне адчужэння ЧАЭС мог быць падпал:
– Характар пажару гаворыць пра тое, што верагоднаю прычынаю пажару можа быць падпал або неасцярожнае абыходжанне з агнём. Да ліквідацыі пажару прыцягнуты каля 200 чалавек асабовага складу МНС, працуе супрацьпажарная авіяцыя, а таксама 35 адзінак тэхнікі.
Магутны лясны пажар у Чарнобыльскай зоне на тэрыторыі Украіны ўдалося спыніць усяго ў 5 кіламетрах ад магільніка радыёактыўных адкідаў і ў 20 кіламетраў ад ЧАЭС. Як паведаміў у сваім Фэйсбуку міністр унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў, увечары аўторка вецер сціх і таму ўдалося хутка лакалізаваць сітуацыю вакол асноўных ачагоў узгарання. Цяпер праваахоўнікі высоўваюць версію падпалу, бо ёсць ачагі ў некалькіх месцах па абодва бакі ракі Прыпяць. Авакаў паведаміў таксама, што ў раёне пажару ўзмацнілі патрулі і паднялі па трывозе Нацгвардыю і падраздзяленні МУС.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота vesti.ru