Лявон Вольскі адыграў канцэрт у Беластоку
Лявон Вольскі, разам з гітарыстам Паўлам Трыпуцем, адыгралі вялікі акустычны канцэрт у Беластоку. Выступ легендарнага беларускага музыкі прайшоў у дворыку Музея скульптуры імя Альфонса Карнага.

За больш чым паўтары гадзіны канцэрту Лявон Вольскі выканаў як раннія песні часоў NRM і «Крамбамбулі», так і хіты свайго сольнага праекту Volski. Музыка прызнаўся, што выступаючы што раз на Падляшшы, перажывае асаблівыя пачуцці:
-Чуллівая публіка, родны Беласток. Усё вельмі класна. Блізка Беларусь. Вельмі падабаецца. Тут Беларусь проста. Я з маладосці пачуваюся ў гэтым краі вельмі вольна. Размаўляюць па-беларуску людзі тут. Сёр’ёзнае карэннае беларускамоўнае насельніцтва. І ў іх вельмі адгукаецца ў сэрцы і душы тое, што мы робім. І гэта дзесяцігоддзямі працягваецца. Я вельмі люблю гэты рэгіён. Тут мае сябры жывуць – Лёнік Тарасэвіч і шмат іншых.
Акустычны канцэрт Лявона Вольскага прайшоў у межах цыклу такіх канцэртаў пад назвай «Сад мастацтваў», якія будуць у гэтым сезоне праходзіць у дворыку Музея скульптуры імя Альфонса Карнага па вуліцы Свентаянскай. Беларускі музыка сваім выступам адкрыў серыю такіх музычных вечарын у Беластоку.




Беларускае Радыё Рацыя
