Люблінскае ваяводства асудзіла пераслед палякаў у Беларусі



Сеймік Люблінскага ваяводства прыняў рэзалюцыю адносна становішча палякаў у Беларусі, паведамляе polskieradio.pl.

«Мы пратэстуем супраць парушэння правоў польскай меншасці ўладамі Беларусі», – заявілі мясцовыя радныя. «Назіраецца эскалацыя рэпрэсій супраць нашых суайчыннікаў, ліквідацыя польскіх школ, арышты кіраўнікоў Саюза палякаў Беларусі, у тым ліку старшыні Анджалікі Борыс, Анджэя Пачобута, Марыі Цішкоўскай і Ірэны Бярнацкай», напісана ў заяве.

Радныя таксама заявілі, што «пазбаўленне землякоў права на адукацыю на роднай мове і доступу да роднай культуры з’яўляецца парушэннем правоў нацыянальных меншасцей. Гэта таксама парушэнне Дагавора паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь аб добрасуседстве і сяброўскім супрацоўніцтве 1992 года».

Рэзалюцыя была прынята аднагалосна. Ліст накіраваны прэзідэнту Польшчы, прэмʼер-міністру і міністру замежных спраў.

Фота: 4881.com.pl