Людзі са шчытамі і сабакамі — мігрантам: „Наперад! Устаём! Пайшлі!”
Літоўскія памежнікі апублікавалі відэа з доказамі жорсткага абыходжання беларускіх сілавікоў з мігрантамі.
— Беларускія прапагандысты, якія пастаянна распавядаюць выдуманыя гісторыі пра гвалт літоўскіх памежнікаў і бесчалавечнае абыходжанне з мігрантамі, замоўчваюць, што сілавыя структуры Беларусі ўжываюць жорсткую фізічную сілу на дзяржаўнай мяжы, — гаворыцца ў апісанні да відэа. — Хоць у нас дастаткова доказаў таго, што беларускія сілы, а не літоўцы, звяртаюцца да гвалту.
На відэа знятыя нядаўнія падзеі, калі беларускія сілавікі ў поўным абмундзіраванні, у балаклавах, з жалезнымі амапаўскімі шчытамі, з сабакамі агрэсіўна адціскаюць групу з 13 нелегальных мігрантаў да літоўскай мяжы.
Сілавікі груба крычаць: „Наперад!”, „Устаем!”, „Пайшлі!” Яны б’юць у шчыты і адціскаюць людзей.
This short video shot by #Lithuania’s border guards proves the brutal, audacious treatment of migrants by #Belarus officials. They have been lured into the country as tourists and are now forcefuly being pushed into #EU territory. They do realize that scam too late. pic.twitter.com/6nF1wq7l9P
— Linas Linkevicius (@LinkeviciusL) September 2, 2021
Вядома, што гэтыя ўцекачы правялі некалькі дзён на мяжы паміж Беларуссю і Літвой, а потым выказалі жаданне вярнуцца ў Беларусь, каб паляцець дадому, але беларускія ўлады спачатку праігнаравалі іх зварот.
Аднак, мабыць, пазней гэтым людзям дазволілі вярнуцца на тэрыторыю Беларусі. Паведамляецца, што цяпер усе 13 мігрантаў знаходзяцца ў Беларусі і больш не набліжаюцца да дзяржаўнай мяжы.
Паводле «Салідарнасці»