Люцыя Німеровіч: Я – беларуска і я гэтага не саромеюся
“Госця Рацыі” – Люцыя Німеровіч. Беласток ведае яе як настаўніцу, як дырэктарку дзіцячага садка, як актывістку Праваслаўнага брацтва святых Кірыла і Мефодзія.
РР: Днямі стала вядома, што Вы будзеце кандыдатам у Сейм на кастрычніцкіх выбарах. Пры тым, кандыдатам ад “Права і справядлівасці”. Гэта Вы знайшлі PiS ці PiS знайшоў Вас?
Люцыя Німеровіч: PiS знайшоў мяне. Яны мне запрапанавалі быць у Спісе кандыдатаў PiS пад 8-м нумарам. Я пагадзілася.
РР: А чым патлумачылі зацікаўленне вашай асобай?
Люцыя Німеровіч: Я хачу сказаць пра сваю кампанію, якую вяду з маладых гадоў. Калі я была студэнткай, я вельмі актыўна дзейнічала ў Брацтве праваслаўнай моладзі, таксама ў Беларускім аб’яднанні студэнтаў. Пасля я выйшла замуж, былі дзеткі. Пасля я стала дырэктаркай Беларускага садка, дзе з нашымі настаўніцамі вучыла дзетак беларускай мове і нашым беларускім традыцыям. Людзі ведаюць мяне, што я праваслаўная, што я – беларуска, таму што я гэтага не саромеюся. І думаю, што ёсць многа людзей, якім палітыка нашай улады, PiS, адпавядае. І яны хацелі б прагаласаваць за кагосьці з PiS. І таму я вырашыла стартаваць з PiS.
Беларускае Радыё Рацыя