Люцыя Німеровіч: Захаваць статус навучання беларускай мове ў Гайнаўскім і Бельскім белліцэях
Люцыя Німеровіч – педагог са звыш 30-гадовым працоўным досведам. Шматгадовая дырэктарка самаўрадавага прадшколля №14 з беларускімі групамі, а зараз праваслаўнага пры непублічнай пачатковай школе святых Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку.
Прадстаўніца беларускай нацыянальнай меншасці балатуецца на сёлетніх парламенцкіх выбарах. Як незалежная кандыдатка стартуе са спісу выбарчага камітэту Права і Справядлівасць. Адной з праблемаў, якую хацела б дапамагчы вырашыць, ёсць захаванне статусу навучання беларускай мове ў Гайнаўскім і Бельскім белліцэях:
-Калі я ўжо прыняла такое рашэнне, што буду балатавацца, гаварыла з маршалкам, што можа ў гэтую нядзелю, што прыйдзе, будзе сустрэча з панам міністрам, і мы паедзем групаю, каб з ім паразмаўляць, каб вырашыць гэтую праблему. Бо так быць не можа! Вядома, што ліцэй фарміруе маладых людзей як беларусаў. І што яны там пазнаюць беларускую культуру, беларускую мову, беларускую песню, беларускія вершы. Яны вучацца, чытаюць. І я не ўяўляю, каб было інакш. Думаю, што гэта самы прыярытэт таго, што я таксама ёсць у гэтым спісе.
Парламенцкія выбары ў Польшчы пройдуць 15 кастрычніка. У гэты дзень адбудзецца таксама рэферэндум.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя