Люцыя Німяровіч: Спадзяюся, што наш садок з часам стане цалкам беларускім



У Польшчы завяршыўся набор у дзіцячыя садкі. У тым ліку і ў адзіны ў Беластоку польска-беларускі дзіцячы садок №14. Пра вынікі набору з дырэктарам дзіцячага садка №14 Люцыяй Німяровіч гутарыць Мікола Ваўранюк.

РР: Пані дырэктар, у вашай праграме дзейнасці прадшколля напісана, што вашая галоўная місія – гэта шчаслівае развіццё дзіцяці, якое жыве на памежжы культур. Трэба сказаць, што вам гэта добра ўдаецца, бо прадшколле карыстаецца вялікім прэстыжам у Беластоку сярод бацькоў. І кожны год вы не маеце праблемаў з наборам дзяцей. Як вы гэта робіце?

Люцыя Німяровіч: Вядома, што гэта праца ўсіх, хто працуе ў прадшколлі – настаўніц і дзяўчат, якія дапамагаюць настаўніцам. Вядома, што мы хочам, каб як найлепей чуліся ўсе дзеткі ў нас. Ствараем добрую атмасферу. Але заўсёды чагосьці бракуе. Чалавек заўсёды хоча, каб было яшчэ лепш. Думаю, што гэта нашая мэта –  каб было яшчэ лепш.

РР: За апошнія гады садок разросся і можна сказаць, выйшаў за муры гэтага будынку.

Люцыя Німяровіч: Калі я прыйшла працаваць у гэты садочак, то было ў нас 83 дзяцей, а цяпер маем 183. Нашыя аддзелы напачатку былі ў школе №4, а цяпер у непублічнай школе. І ў гэтым годзе была дамова – нам трэба пакінуць муры гэтай школы. Вельмі цяжка нам сталася цяпер, таму што тыя дзеткі, якія былі ў школе, яны перайшлі да нас у садок, і цяпер у нас засталося толькі 11 месцаў. Гэта вельмі мала.

[iframe id=”https://www.youtube.com/embed/yCB6L-D6wVI”]

РР: З пазіцыі кіраўніцтва садка, гэта можа і не кепска, можна выбраць дзетак, паводле ўласных крытэрыяў, але з пазіцыі бацькоў – гэта не зусім добра, калі не могуць запісаць сваё дзіця да вас. Вы мелі 11 месцаў. Але ахвотных відаць было больш?

Люцыя Німяровіч: Ахвотных у гэтым годзе было 26, можна падлічыць, што 15 дзяцей не атрымалі месца. Былі яшчэ такія бацькі, якая хацелі ўладкаваць сваіх дзяцей да групы 4-гадовых. Але мы ім сказалі, што не будзем праводзіць набор, у нас проста не было месцаў. На вялікі жаль. Нядаўна я была ў гарадскіх уладаў у нашым дэпартаменце адукацыі. Мы там гаворым пра тое, каб нам далі на адзін год памяшканне, каб мы маглі стварыць яшчэ адну групу. Шкада гэтых дзетак і бацькоў, таму што ёсць бацькі, якія хочуць быць толькі тут і больш нідзе.

РР: Падчас нядаўняй сустрэчы ў Падляшскай ваяводскай управе, на якой падводзіліся вынікі году існавання дакументу «Стратэгія развіцця асветы беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы», прадстаўніца міністэрства нацыянальнай адукацыі сказала, што як раз ёсць новыя законы адносна падставы праграмнай працы дзіцячых садкоў, і яны даюць прэферэнцыі дзецям нацыянальных меншасцяў. Калі бацькі дэкларуюць, што дзіця хоча вывучаць мову меншасці, у нашым выпадку, беларускую, то ўлады, якія вядуць такія пляцоўкі, абавязаны ім гэта забяспечыць.

Люцыя Німяровіч: У панядзелак я іду да нашага дырэктара. Яны адкрытыя, каб нам даць яшчэ адно памяшканне. Але цяпер шукаюць – дзе.  Таму што ў «чацвёрцы» няма, у школе Кірылы і Мяфодзія няма. Я патэлефанавала да ўсіх бацькоў, якіх мы не прынялі, яны прыйдуць да нас у панядзелак у 16 гадзін на сустрэчу. Яны ўсе хочуць да нас, і нават тыя бацькі, дзеці якіх пайшлі ў іншыя прадшколлі. Думаю, што мы некім чынам развяжам гэтую сітуацыю.

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам гутарка ў гукавым фармаце