Магдалена Лотыш: „Сяброўская бяседа” з’яўляецца нашай візітоўкай
У суботу, 30-га ліпеня ў амфітэатры ля вадасховішча ў Зарэчанах у Гарадку адбыўся 22-і Міжнародны фестываль „Сяброўская Бяседа”. Феноменам гэтага штогадовага свята з’яўляецца не толькі ягоны характар агульнагарадскога мерапрыемства, але і па сутнасці існаванне ў якасці формы падтрымкі беларускай ідэнтычнасці сярод насельніцтва гміны Гарадок.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з „Госцяй Рацыі” – арганізатарам фестывалю, дырэктарам Гміннага цэнтра культуры ў Гарадку Магдаленай Лотыш, пра значэнне свята ў жыцці Гарадка, мясцовую беларускасць і ўмовы для вывучэння мовы і культуры.

„Госць Рацыі” дырэктара Гміннага цэнтра культуры ў Гарадку Магдаленай Лотыш:
– „Сяброўская бяседа” арганізоўваецца 22-і раз. Гэта чарговы фестываль, які з’яўляецца свайго кшталту візітоўкай нашай гміны, нашага Гарадка. Мы вельмі цешымся, што ў нас у чарговы раз атрымалася арганізаваць гэты фестываль пасля кароткага перапынку, які быў звязаны з пандэміяй.
РР: Чаму фестываль называецца менавіта „Сяброўская бяседа”?
„Сяброўская бяседа” – значыць сустрэчы сяброў, супраца. Людзі былі і заўсёды будуць найважнейшымі. Гэта назва вельмі добра перадае сутнасць мясцовых людзей.
РР: Заяўлялася, што будзе сустрэча беларускай, польскай і ўкраінскай культур.
– Запрошаныя ўкраінскі гурт „Горпина”. Наша гміна вельмі моцна падтрымлівае Украіну. Частка дэкарацый з’яўляецца сімвалічным акцэнтам, сцягі Украіны. Такім чынам мы хочам паказаць, што мы разам з імі.

Беларускае Радыё Рацыя
