Магутны выбух разбурыў хімічны завод у Германіі
Улады Нямеччыны папярэдзілі больш за 14 тысяч чалавек у паўночнай частцы краіны пра неабходнасць застацца ў памяшканнях і падрыхтавацца да эвакуацыі пасля выбуху і пажару на хімічным заводзе, перадае тэлеканал Sky News.
Раней стала вядома, што на хімічным заводзе пад Брэменам увечары 9 верасня адбыўся магутны выбух. Адзін чалавек прапаў без вестак і пакуль не знойдзены. У выніку выбуху на заводзе пачаўся пажар, у неба падняўся велізарны слуп дыму.
Інцыдэнт адбыўся на заводзе кампаніі Bergolin у зямлі Ніжняя Саксонія. Гэтая кампанія вырабляе хімічныя фарбавальнікі. Па словах начальніка мясцовай паліцыі, выбух чуўся «за дзясяткі кіламетраў», а будынак завода разбураны, паведамляе газета Bild.
Выбух быў такой сілы, што хваляй выбіла дзверы з завес у дамах на поўначы ад Брэмена. Сцены абваліліся, дрэвы былі выдраныя з коранем. Над самім заводам полымя выстрэльвае уверх на 100 метраў.
Беларускае Радыё Рацыя