Майдан у Кіеве пакуль застаецца



Камунальнікі разам з міліцыяй у чацвер пачалі разбіраць барыкады і намёты, але гэта скончылася сутычкамі з асобамі, якія па-ранейшаму застаюцца на Майдане. Паводле актывістаў, пратэсты яшчэ не зрабілі сваю справу і Майдан павінен кантраляваць новую ўладу.

Сайт “Рэвалюцыйнае дзеянне” (revbel.org) выклаў відэа-інтэрвію з сотнікам 4-ай сотні Майдану:

– Мы маем з раніцы яшчэ адзін спалены намёт. На Міхайлаўскім два чалавекі атрымалі апёкі – адзін у рэанімацыі. І адбыўся штурм Майдана, без усялякіх папярэджанняў зайшлі батальёны “Кіеў-1” і “Кіеў-2”, якія зайшлі са зброяй, спалілі шэраг намётаў, запусцілі тэхніку, якая пачала ўсё трушчыць, у тым ліку і людзей. Пасля таго Майдан з’акумуляваў усе сілы, якія ёсць, і выціснуў іх адсюль.

Новыя ўлады не могуць дамовіцца з майданаўцамі, якія пакуль не збіраюцца пакідаць плошчу. Яшчэ ў пачатку ліпеня генеральны пракурор Украіны Віталь Ярэма даручыў кіраўніцтву МУС і СБУ прыняць меры па вызваленні цэнтральнай часткі Кіеву. Міністр унутраных спраў Арсен Авакаў таксама заяўляў, што Майдан у цяперашнім выглядзе існаваць не можа. Пра намер «разабраць» Майдан неаднаразова заяўляў і мэр Кіеву – Віталь Клічко.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота news.liga.net