Майскія выходныя ў Падляшскім музеі народнай культуры



Выстава абразоў, прысвечаных Марыі, майстар-класы і паказы – гэта ўсё на майскія выходныя падрыхтаваў Падляшскі музей народнай культуры. Госці на працягу трох дзён могуць пазнаёміцца з даўнімі рамёствамі, а таксама пазнаёміцца з народнымі мастакамі. Сярод іх Віктар Абрамовіч, які займаецца саломапляценнем.

– Я ўжо ў гэтым рамястве больш за 50 гадоў, з 1966 года. Я столькі гэтага тавару зрабіў, што ў фуру не ўлезла б усё. Прыязджалі людзі і здымалі, па тэлевізары мяне паказвалі. Да гэтага патрэбны талент, бо без яго нічога б не выйшла. Нават тую ж салому чуць у руках, як яе браць – тут патрэбны талент.

Віктар Абрамовіч дадаў, што з’яўляецца аўтарам мядзведзя, якога можна было пабачыць у культавым фільме Станіслава Барэі „Міś„. Гэта быў першы саламяны мядзведзь, якога зрабіў падляшскі творца і які меў амаль 1,5 метра вышыні.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі