Майстар-класы па беларускай народнай музычнай традыцыі
У Гайнаўцы прайшлі майстар-класы па беларускай народнай музычнай традыцыі, якія вёў калектыў “Жэмэрва” са Студзіводаў. Cябры праваслаўнага брацтва святых Кірыла і Мяфодзія рыхтуюць апошнюю перад праваслаўным вялікім пастом патанцоўку – “Запусты з брацтвам”. У час яе будуць гучаць традыцыйныя беларускія песні і выконвацца народныя танцы.
“Нам трэба ведаць традыцыю і карыстацца ёй,” – пераконвае старшыня праваслаўнага брацтва святых ў Гайнаўцы Кацярына Чурак:
– Народ толькі тады нечага варты, калі ведае і зберагае ад забыцця свае традыцыі, сваю культуру, народную музыку, песні, танцы. Мы гэтую традыцыю хочам перадаць сваім дзецям.
“Запусты з брацтвам” пройдуць у суботу ў Доме культуры ў Гайнаўцы. Пачатак ў 19 гадзін. Мерапрыемства правядзе калектыў “Хаціслаўляне” з беларускага Палесся і “Жэмэрва” са Студзіводаў.
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара