Максім Канавал пра беларускі стэндап у замежжы
„Госць Рацыі” – беларуска-украінскі прадзюсар, шоўмен, комік Максім Канавал. Ён перажыў дзве эміграцыі, стварыў у Польшчы беларускае стэндап-аб’яднанне, ладзіць уласныя гумарыстычныя праекты. Гутарым з ім пра творчасць, успрыняцце рэчаіснасці праз гумар і жарты падчас вайны і рэпрэсій. Каля мікрафону Алеся Вербаловіч.
РР: Як цяпер змянілася ваша творчасць? Ці змяніліся тэмы жартаў?
– Так, напэўна жарты змяніліся, бо абставіны змяніліся, жыццё змянілася, навіны змяніліся. Зараз, калі я і іншыя комікі, з якімі мы зрабілі аб’яднанне „ПанСтендап”, перабываем у Польшчы, у Варшаве. Безумоўна мы неяк сустракаемся з польскай рэчаіснасцю, з нейкімі польскімі асаблівасцямі жыцця. Самы банальны прыклад, непрацуючыя крамы ў нядзелю. Безумоўна мы таксама сустракаемся з уладкаваннем жыцця і польскай бюракратыяй, усімі гэтымі „ужондамі”, „кратамі побыту”. Безумоўна нараджаюцца нейкія жарты пра гэта, бо гэта зараз складае тваю рэчаіснасць, таму ты не можаш пра гэта не жартаваць. Кожны дзень ты з тым ці іншым бокам рэчаіснасці сустракаешся. Безумоўна накладваюцца нейкія абставіны, з якімі мы ўсе зараз маем справы. Гэта вайна ва Украіне, нейкія беларускія навіны, якія заўсёды так ці інакш прылятаюць да цябе ў сродках масавай інфармацыі. Безумоўна таксама ты як комік, хтосьці ў большай ступені, хтосьці ў меншай, усё гэта праз сябе прапускае і жартуе пра гэта. Пра беларускую рэчаіснасць, гледзячы на тое, што зараз мы перабываем не ў Беларусі, але ты як хтосьці, хто можа збоку зірнуць неяк на гэта, асэнсаваць і потым выдаць у якасці нейкіх стэндап-жартаў.
РР: Якія маральныя адчуванні ад гэтага? Немагчыма абысціся без гэтых тэм?
– Мне падаецца, што кожны комік сам для сябе вырашае ў якое ступені ён хоча пра ўсё гэта жартаваць. Ёсць комікі нават у нашым аб’яднанні, якія ў большай ступені пра гэта жартуюць, большая частка адсоткаў выступу ў іх складаюць жарты палітычныя ці сацыяльныя. Хтосьці ў меншай ступені. Неяк спрабуеш жартаваць і пра іншыя сферы жыцця. Бо зразумела, што ёсць частка гледачоў, якія ўжо трохі стаміліся ад гэтай беларускай рэчаіснасці, ад усяго гэтага жаху. Але я, напрыклад і сярод сваіх украінскіх сяброў стэндап-комікаў бачу, што хтосьці шукае іншыя шляхі для жартаў. Памятаючы безумоўна пра тое, што ідзе вайна і гэтак далей, але яны падтрымліваюць гэта данатамі, недзе ў сваіх сацсетках пра гэта пішуць. Імпрэза звычайна складаецца з 3-4 комікаў. Кожны комік розны, хтосьці жартуе толькі пра гашу рэчаіснасць, якая датычыць палітыкі, хтосьці дае іншыя жарты. У гэтым кайф стэндап-выступаў, калі ты можаш нейкія жарты не толькі на адну тэму.
РР: Ці хапае ў Польшчы аўдыторыі і магчымасцяў?
– Мы ў Польшчы ў сябе ў Інстаграме пішам, што беларускія комікі ў Варшаве, але мы безумоўна выступаем не толькі ў Варшаве, але і па ўсёй Польшчы, у краінах Балтыі. Недзе там нашыя хлопцы ездзяць і па Нямеччыне, па Чэхіі, па Аўстрыі. То бок намагаемся ў Еўропе паўсюль, дзе ёсць гледачы, дзе жывуць беларусы, дзе жывуць украінцы. Большая частка гледачоў, якія прыходзяць на нашы імпрэзы – гэта безумоўна беларусы, трохі ўкраінцаў, казахаў. Трохі напэўна цяжэй нам зараз у Польшчы шукаць свайго гледача, бо мы адносна нядаўна завялі ютуб-канал, іншыя сацсеткі Tik Tok, Instagram. Мы намагаемся іх развіваць, каб больш людзей дазнавалася пра нас, каб больш людзей ведала, што ў Польшчы ёсць беларуская стэндап-камедыя, што комікі гэтага аб’яднання ездзяць па іншых краінах Еўропы, што можна на іх прыйсці і гэта будзе якасна і смешна. Мы ведаем, што каб знайсці сваю аўдыторыю патрэбны час. Мне падаецца, што ўжо ёсць нейкая аснова гледачоў у буйных гарадах Польшчы, я кажу пра Варшаву, Вроцлаў, Гданьск, Кракаў, дзе мы анансуем нашы імпрэзы.
Жывыя выступы комікаў аб’яднання „ПанСтендап” можна пабачыць кожны чацвер у Варшаве, ці ў іншых гарадах – падчас выязных канцэртаў.
Беларускае Радыё Рацыя