Малгажата Карпюк – уладальніца Гран-пры Канскага кінафестывалю за працу над фільмам «Зона інтарэсаў»
У цэнтры «Чарлёнка» фонду «Царкоўная музыка», што ў Гайнаўцы, адбылася творчая сустрэча з памошніцай рэжысёра па касцюмах Малгажатай Карпюк.
Малгажата працавала ў міжнароднай камандзе па стварэнні кінастужкі «Зона інтарэсаў», якая ў гэтым годзе атрымала Гран-пры Канскага кінафестывалю. Малгажата распавяла пра працу касцюмера ў стварэнні кінастужкі, а таксама падзялілася ўражаннямі ад удзелу ў міжнародным кінафестывалі ў Канах.
– Думаю, што рэжысёр меў такую энергію і быў такім моцным характарам, што для мяне гэта на пэўным этапе было таксама справай жыцця. Гэты фільм быў вельмі важны з пункту гледжання многіх аспектаў – гістарычных і жыццёвых. І таксама для майго развою мастака па касцюмах, гэта для мяне быў вялікі шанец.
Мастацкая кінастужка «Зона інтарэсаў» – гэта сумесная праца рэжысёра Джонатана Глэйзера і міжнароднай каманды, у тым ліку, Малгажаты Карпюк. У ёй распавядаецца пра тое, як камендант канцлагера ў Асвенцыме Рудольф Хёсс будуе камфортнае жыццё для сябе і сваёй сям’і на вілле, за плотам ад якой гінуць сотні тысяч бязвінных людзей.
Выхад фільма ў шырокі пракат запланаваны на пачатак снежня гэтага года.
Цалкам матэрыял:
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя