„Малы юбілей – XX Бязмежжа”



Літаратурны семінар „Бязмежжа”, які праходзіць у Белавежскай Пушчы, падыходзіць да завяршэння. Апошнія дыскусіі ўдзельнікі прысвяцілі тэме літаратуразнаўства.

Анатоль Івашчанка адзначыў, што менавіта „Белавежская” літаратуразнаўчая школа вельмі моцная  дзякуючы, перш за ўсё, Яну Чыквіну.

— Трэба прызнаць што наогул стан беларускага літаратуразнаўства даволі сумны. На дзяржаўным узроўні літаратуразнаўства пахаванае на нашых вачах. Гэта сумна. Змрок пачаў ахінаць усю гэтую сферу дзесьці з пачатку 2000-х гадоў. Трэба супраціўляцца і ў тым ліку таварыства «Белавежа», вядома, гэта робіць, што можа. Таму дзякуй Яну Чыквіну ў тым ліку і за тое, што пра «Дзеяслоў» ён не забываецца дасылаючы свае публікацыі.

ХХ літаратурны семінар „Бязмежжа” завершыць конкурс „Дэбют”, зладжаны Тыднёвікам Беларусаў у Польшчы „Ніва”. Менавіта сёння даведаемся, хто з’яўляецца найбольш перспектыўным творцам на думку арганізатараў.

[Not a valid template]

 

Дыскусіі, прэзентацыі і прамоцыі, гэта толькі невялікая частка таго, што праходзіць у рамках ХХ літаратурнага семінару „Бязмежжа”.

Працягваецца другі дзень літаратурнага семінару ў Новым Ляўкове. Сваё пачэснае месца на мерапрыемстве заняла і постаць Сакрата Яновіча, дзейнасць якога працягвае фонд Villa Sokrates, які пастараўся, каб славутыя мініяцюры пісьменніка выйшлі на дыску. Творы для кружэлкі зачытаў Міхась Андрасюк. 

– На што я звярнуў увагу, чытаючы мініяцюры. Ёсць там тэксты 30-гадовай даўніны і старэйшыя. Але яны застаюцца актуальнымі. Я зразумеў, што гэта пра мяне, пра ўсіх нас.

Сваё месца на літаратурным семінары знойдуць і маладыя сучасныя пісьменнікі. Яшчэ сёння пройдуць аўтарскія сустрэчы з Віталём Рыжковым, Усеваладам Сцебуракам ды Змітром Бартосікам.

[Not a valid template]

Першая частка дакладаў у суботу была прысвечаная альманаху „Дзеяслоў”, які за 15 гадоў існавання выдаў свой юбілейны 90 нумар. У ім друкавалася шмат падляшскіх пісьменнікаў.

Менавіта пра феномен літаратуры Падляшша распавёў Анатоль Івашчанка:

– Пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў створана Таварыства ўкраінскай літаратуры, якое заснавала, ачоліла Наталка Бабіна, і нават выдаецца альманах “Справа”, дзе друкуюцца аўтары, якія пішуць, у тым ліку і па-беларуску, але пры гэтым жывуць ва Украіне. Падобных альманахаў у Літве, Расеі няма. Сапраўды, такога феномену, як літаратура Падляшша, прынамсі я не магу і блізка знайсці на іншых памежных тэрыторыях.

Яшчэ сёння ў рамках літаратурнага семінару можна будзе пачуць новыя вершы Андрэя Сцепанюка, аўтара зборніка вершаў „Распісаны квадрат”.

[Not a valid template]

* * * 

Прайшоў першы дзень літаратурнага семінара „Бязмежжа”. Ужо дваццаць гадоў менавіта тут, у Белавежскай пушчы, пісьменнікі з абодвух бакоў мяжы размаўляюць пра беларускую літаратуру. Першы дзень семінара быў таксама прысвечаны тым, каго сёння няма побач з намі.

Пра Рыгора Барадуліна і Юрку Гуменюка у сваім рэпартажы ўзгадаў Міхась Андрасюк:

– Юбілей – гэта нагода, каб узгадаць тых, хто сышоў ад нас на другі бок неба. Яшчэ раз пачуць іх галасы, паглядзець на іх твары на відэазапісах. Задумацца пра час, які мінае. Пабачыць сябе на відэа 20-гадовай даўніны, якія мы былі маладыя і прыгожыя, і параўнаць, якія мы сёння.

Удзельнікаў сёння таксама чакае насычаная праграма. Гэта размовы пра 15-годдзе „Дзеяслова”, дзейнасць “ЗБС Бацькаўшчына” і пра новыя выданні Саюза беларускіх пісьменнікаў.

* * * 

„Малы юбілей – XX Бязмежжа”. Пад такой назвай на Падляшшы праходзіць літаратурны семінар, які арганізуюць Праграмная рада тыднёвіка „Ніва” і Беларускі саюз у Польшчы.

На працягу двух дзён удзельнікі з абодвух бакоў мяжы падзеляцца навінамі ў беларускім літаратурным працэсе, кажа арганізатар семінару Яўген Вапа:

XX „Бязмежжа” будзе праходзіць у працоўна-святочнай атмасферы. Мы будзем радавацца таму, што з’явілася новае ў беларускай літаратуры. Гэта бязмежнае свята, а ягоная адметнасць, што будуць дадатковыя рэпартажы, дакументальнае кіно і ўспаміны пра першыя „Бязмежжы”.

„Перад намі таксама шмат літаратурна-музычных выклікаў”, – дадае Яўген Вапа. Ён падкрэслівае, што як і заўсёды, сёлета будзе прадстаўлена творчасць беларускіх аўтараў з Польшчы, сярод якіх – Андрэй Сцепанюк, Ганна Кандрацюк-Свярубская, Міра Лукша, Міхась Андрасюк ды іншыя:

– Менавіта тое, што нас радуе, што беларуская літаратура сёння з’яўляецца элементам беларускай бязмежнай прасторы. У гэтым годзе на „Бязмежжы” будзем мець дачыннне з прэзентацыяй таго, што пішуць беларусы ў Польшчы.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Юбілейная сустрэчы будзе нагодай не толькі для падвядзення вынікаў папярэдніх гадоў, але таксама размоаў пра будучае, адзначыў суарганізатар семінара Барыс Пятровіч-Сачанка:

– Я думаю, што будзе цікавая размова не толькі пра 20-годдзе, але і пра тое, што адбылося за мінулы час, за адзін толькі гэты год. Было вельмі шмат цікавых падзей і ў літаратуры, і ў культуры, і з боку беластоцкага, і з боку беларускага – і тут і там беларускі бок.

Літаратурны семінар „Бязмежжа” пройдзе 8-10 снежня ў мясцовасці Новае Ляўкова. У нядзелю, 11 снежня, запланаваная аўтобусная экскурсія „Па слядах беларускіх пісьменнікаў”, а таксама падвядзенне вынікаў літаратурнага конкурсу „Дэбют”.

 

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Улі Шубзды