Маляваныч завітаў у грузінскі Батумі



9-га кастрычніка актор Аляксандр Ждановіч (Маляваныч) завітаў з выступам для беларускіх дзетак, што жывуць у грузінскім Батумі. На сустрэчу ў многафункцыянальную прастору «аКсяродак» бацькі прывялі больш за тры дзясяткі сваіх дзетак.

Пра свае ўражанні з сустрэчы кажа Аляксандр Ждановіч:

– Дзеці, канешне, гэта такая аўдыторыя, вельмі няпростая насамрэч. З імі вельмі кайфова. Але яны не церпяць ніякай фальшы, у адрозненне ад дарослых, якім можа не падабацца, але яны будуць цярпліва маўчаць. Увага дзяцей крышачку рассяродзілася, і яны ўжо гойсаюць і шумяць. Было не проста, канешне.

Для матуль, што прывялі сваіх дзяцей на сустрэчу, гэта быў спосаб яшчэ раз дакрануцца да дзяцінства і беларускасці:

Гэта добры ўспамін з дзяцінства, добры беларускі, наш родны успамін. Гэта такая асацыяцыя з беларускасцю, з цеплынёў, з дабрынёй.

Для мяне гэтаы чалавек – сімвал Беларускасці, беларускага дзяцінства, і для мяне вельмі важна, што і ў Батумі ў нашых дзяцей і ў дарослых, вялікіх дзяцей, ёсць магчымасць дакрануцца да свайго маленькага беларускага дзіцёнка.

Сустрэчы з Маляванычам у Батумі будуць працягвацца. Увечары 10 кастрычніка у той жа прасторы адбудзецца паэтычны вечар для дарослых.

Беларускае Радыё Рацыя