Манеўры на беларуска-ўкраінскім памежжы
Памежнікі Луцкага памежнага атрада Украіны засцерагаюць мясцовых жыхароў ад паездак у раён Палескага лясгасу, што на тэрыторыі Берасцейскай вобласці.
Прычына – вайсковыя манеўры, якія праводзіць там беларускае войска. Пра гэта паведаміў прэсовы афіцэр памежнага атраду.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Манеўры на вайсковым палігоне “Палескі”, што ў Столінскім раёне Берасцейскай вобласці, праходзяць рэгулярна. Але ж за апошнія гады гэта першы выпадак, калі ўкраінскія памежнікі робяць афіцыйнае папярэджанне для жыхароў сумежных з Беларуссю раёнаў. Палігон “Палескі” знаходзіцца акурат насупраць участку аддзела памежнай службы Украіны “Беразовае”, што ў Ракітніўскім раёне Ровенскай вобласці.
Украінскія памежнікі папярэджваюць, што перабыванне жыхароў памежных з Беларуссю раёнаў блізка палігонаў можа стаць для іх небяспечным.
Вучэнні беларускіх вайскоўцаў будуць доўжыцца да 9 лютага.
Рэгулярныя манеўры беларускіх вайскоўцаў у непасрэднай блізасці ад украінскай мяжы выклікаюць натуральную заклапочанасць і ў Кіеве.
Марцін Война, Беларускае Радый Рацыя