Марэк Масальскі стаў дарадцам прэзідэнта Беластока па справах нацменшасцяў
Кіраўнік праваслаўнага асяродка міласэрнасці “Элеос” Марэк Масальскі стаў дарадцам прэзідэнта Беластока па справах нацыянальных меншасцяў. Раней віцэ-прэзідэнтам і адказным за кантакты з меншасцямі быў Аляксандр Сасна.
На пачатку сваёй працы Марэк Масальскі плануе наладзіць сустрэчу меншасцей з прэзідэнтам, бо такой ніколі за час знаходжання на пасадзе Трускаляскага не было. Паводле новага дарадчыка прэзідэнта, варта таксама стварыць прастору ў выглядзе музея або цэнтра культуры для беларускай меншасці ў Беластоку:
– Гэтую ідэю я выношваю шмат гадоў. Варта над гэтым задумацца, і можа не сам музей, а Цэнтр культуры стварыць, і такім чынам адзначыць існаванне ў Беластоку беларускай меншасці.
Паводле Марка Масальскага, варта, каб беластоцкія меншасці былі больш бачныя ў гарадской прасторы. Масальскі з’яўляецца дырэктарам Праваслаўнага асяродка міласэрнасці “ЭЛЕОС”. Быў сябрам управы Беластока з 1998 па 2010 год і сябрам ваяводскага сойміку.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота poranny.pl