Марш памяці высланых у Сібір прайшоў у Беластоку



Тысячы людзей ушанавалі памяць тых, хто быў вымушаны выехаць у Расею ды Казахстан. Па вуліцах Беластока прайшоў Міжнародны марш памяці высланых у Сібір. Акрамя моладзі з мясцовых школ, у маршы ўдзельнічалі так званыя “сібіракі” з Аўстраліі, Францыі, Злучаных Штатаў, а таксама і група з Беларусі.

Кажа старшыня галоўнага праўлення „Саюза Сібіракаў” у Польшчы Тадэвуш Хведзь:

– Прыехалі з Уэльса, Канады, Лондана старыя нашыя прыяцелі, якія шмат гадоў прыязджаюць на марш.

РР: Адкуль вы прыехалі?

– Я прыехала з Ліды, каб успомніць тое, што было некалі, што былі сібіракі. Пра нашу Радзіму, пра палякаў.

– Мы  – з Эстоніі. Спатканне з сібіракамі, знаёмства –  для нашай моладзі гэта жывая гісторыя.  

– Прыязджаем сюды штогод. Сам меў калісьці сваякоў, якія былі ў Сібіры. Было вельмі цяжка.

– Быў у Сібіры з мамай. Елі толькі лебяду. Гатавалі. І гэта была мая штодзённая ежа.

– Гэта нашае жыццё. І калі мы забудзем тое, што было, то мы не будзем жыць.

Мерапрыемства арганізуецца штогод у памяць пра людзей, якіх высялялі ў Сібір як у ваенныя, так і ў пасляваенныя часы. Сёння ў маршы ўзялі ўдзел каля пяці тысяч чалавек.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток