Марш салідарнасці пройдзе ў Беластоку
У нядзелю 6 жніўня беларуская дыяспара Беластока запрашае прыняць удзел у маршы салідарнасці з нагоды трэцяй гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
Пачатак а 16:00, Rynek Kościuszki 4, 15-001 Białystok. Збор удзельнікаў – каля помніка Пілсудскаму, пасля чаго ўсе пройдзем вуліцамі Беластока да консульства Беларусі.
Дзень 9 жніўня 2020 года падзяліў жыццё беларусаў на перад і пасля. Так, як раней, ужо не можа быць і не будзе. Немагчыма забыцца на гвалт, забойствы, катаванні, рэпрэсіі, тысячы палітвязняў, але таксама немагчыма забыцца на мацнейшы народны ўздым, дваровыя канцэрты, узаемадапамогу і салідарнасць.
Тры гады, якія мінулі з дня выбараў, навучылі нас шмат чаму, і адзін з галоўных урокаў можна акрэсліць радком са знакамітай песні Nizkiz – „каму мы патрэбныя, калі не сабе”. Наша краіна – наша справа, яе свабода – наша задача, памятаць усё, рабіць, што можна, і імкнуцца да справядлівасці – наш абавязак.Беларусы!
Прыходзьце на марш! Бо БЕЛАРУСЬ ЖЫВЕ ў кожным з нас, – пішуць арганізатары.