Марш салідарнасці з Беларуссю ў Познані
У нядзелю, 19-га ліпеня, у Познані адбылася чарговая акцыя салідарнасці. Каля шасцідзесяці чалавек сабраліся і прайшлі святочным маршам з цэнтральнай плошчы імя Адама Міцкевіча да плошчы Свабоды.
Мерапрыемства праходзіла пад лозунгам «Салідарныя з Беларуссю», які стаў своеасаблівым распазнавальным матывам познаньскіх акцый.
Сваімі ўражаннямі дзеліцца нязменная арганізатарка Ксенія Тарасевіч:
– Лейтматывам нашай акцыі стала «Салідарнасць з Беларуссю». Мы адчуваем еднасць і важнасць такіх акцый, нягледзячы на тое, што знаходзімся ў 600-тах км ад мяжы. Гэта ўжо трэцяя акцыя салідарнасці беларусаў у Познані. Мы адпраўлялі паштоўкі, ладзілі дэманстрацыі, сёння мы прайшліся маршам да Плошчы Свабоды ў Познані. Нам падаецца гэта вельмі сімвалічным.
Скаардынаваныя дзеянні і зычлівае стаўленне суседзяў, дазволілі беларускай дыяспары сабрацца на працягу месяца ўжо трэці раз. Сваёй дапамогай адзначыліся нераўнадушныя палякі, а таксама ўдзельнікі мясцовага руху анархістаў. Некаторыя з прысутных прыехалі на дэманстрацыю адмыслова з іншых гарадоў:
– Я прыехала з Украіны. Гэта другі раз, калі я прыязджаю ў Познань на беларускі пікет. Даведалася аб мерапрыемстве ад беларускіх сяброў, з якімі вучуся. Я не магла не падтрымаць сваіх сяброў – як сяброў, а таксама беларусаў – як братні народ, з якім у нас шмат супольнага. Маё сэрца проста не вытрымала б сядзець і назіраць за тым, што адбываецца!
Фота Стэфана Глушакова
Яраш Лойка, які жыве ў Познані сем гадоў, кажа:
– Сёння я прыйшоў на акцыю салідарнасці, у прыватнасці, з палітвязнямі Беларусі, бо я лічу, што гэта адзіная маленькая рэч, якую магу зрабіць дзеля нашай агульнай беларускай справы. Вельмі прыемна, што ў такім не вельмі беларускім горадзе знайшліся людзі, якія прыйшлі, якія выказваліся там. Было бачна, што ім не ўсё роўна.
Мерапрыемства закончылася супольным здымкам і заахвочваннем арганізатараў далучацца да мясцовага згуртавання беларусаў у Фэйсбуку.
Хваля Салідарнасці з Беларуссю больш за месяц накрывае свет: ад Сіднэю да Аттавы, ад Сан-Францыска і да Берліна. Арганізатары не выключаюць, што й надалей будуць ладзіць акцыі падтрымкі з распазнавальным лозунгам #СалідарныяЗБеларуссю.
Фота Мацея Краеўскага
Стэфан Глушакоў, Беларускае Радыё Рацыя, Познань