Марына Шэф: „Басовішча” для мяне – гэта сімвал беларускага року



Полацкі гурт “INDRA” браў удзел у “Басовішчы -2007”. На той час музыкі гралі разам амаль 4 гады і ўжо мелі першы альбом “Сонцавакол”, запісаны ў Беластоку і выдадзены накладам 5 тысяч паасобнікаў. Слухачам падабаліся песні, якія выконвалі тады  яшчэ зусім маладыя палачане – удзельнікам гурта было ў сярэднім па 20-22 гады. І сама назва калектыву нібыта абяцала перамогу, бо  INDRA – гэта  імя  бога навальніц і апякуна вольных музыкаў у ведычнай культуры.

Але перамогу ў спаборніцтве на “Басовішчы-2007” атрымаў іншы гурт, – “ФЛЯУС І КЛЯІНН”,  які таксама прыехаў з Полацку. І для ўдзельнікаў “INDRA” гэта не ўспрымалася як параза, кажа гітарыстка Марына Шэф:

– Увогуле “Басовішча” для нас было сімвалам беларускага року. І што калі мы трапім на яго, то гэта ўжо будзе паказнікам узроўню і вядомасці гурта. Ну, а тое, што мы не перамаглі,  – было трошкі крыўдна. Але конкурс – гэта падвышэнне свайго музычнага ўзроўню, у першую чаргу, і задавальненне ад сваёй музыкі ў час выканання.

“Басовішча” запомнілася перадусім якасцю арганізацыі і цеплынёй сяброўскай атмасферы, калі музыкі-пачаткоўцы маглі папросту размаўляць з “мэтрам” беларускага року, а слухачы ставіліся спагадліва да ўсіх выканаўцаў без выключэння.  Паводле Марыны Шэф, традыцыя “Басовішчаў” не павінна перарывацца, і добра было б, каб  музычны фэст з часам аднавіўся  ў якім-небудзь іншым фармаце.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя