Марына Шэф: „Басовішча” для мяне – гэта сімвал беларускага року
Полацкі гурт “INDRA” браў удзел у “Басовішчы -2007”. На той час музыкі гралі разам амаль 4 гады і ўжо мелі першы альбом “Сонцавакол”, запісаны ў Беластоку і выдадзены накладам 5 тысяч паасобнікаў. Слухачам падабаліся песні, якія выконвалі тады яшчэ зусім маладыя палачане – удзельнікам гурта было ў сярэднім па 20-22 гады. І сама назва калектыву нібыта абяцала перамогу, бо INDRA – гэта імя бога навальніц і апякуна вольных музыкаў у ведычнай культуры.
Але перамогу ў спаборніцтве на “Басовішчы-2007” атрымаў іншы гурт, – “ФЛЯУС І КЛЯІНН”, які таксама прыехаў з Полацку. І для ўдзельнікаў “INDRA” гэта не ўспрымалася як параза, кажа гітарыстка Марына Шэф:
– Увогуле “Басовішча” для нас было сімвалам беларускага року. І што калі мы трапім на яго, то гэта ўжо будзе паказнікам узроўню і вядомасці гурта. Ну, а тое, што мы не перамаглі, – было трошкі крыўдна. Але конкурс – гэта падвышэнне свайго музычнага ўзроўню, у першую чаргу, і задавальненне ад сваёй музыкі ў час выканання.
“Басовішча” запомнілася перадусім якасцю арганізацыі і цеплынёй сяброўскай атмасферы, калі музыкі-пачаткоўцы маглі папросту размаўляць з “мэтрам” беларускага року, а слухачы ставіліся спагадліва да ўсіх выканаўцаў без выключэння. Паводле Марыны Шэф, традыцыя “Басовішчаў” не павінна перарывацца, і добра было б, каб музычны фэст з часам аднавіўся ў якім-небудзь іншым фармаце.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя