Марыя Мароз пра варшаўскі шэлтар для ўцекачоў



Прыемная навіна для ўкраінскіх бежанцаў: у Варшаве адкрыўся бясплатны шэлтар, у якім маці з дзецьмі могуць пажыць абсалютна бясплатна. Прычым для іх тут створаныя ўсе ўмовы.

„Проста мы, беларусы, добра разумеем той псіхалагічны стан, у якім апынуліся цяпер украінцы. Таму і намагаемся стварыць для іх сапраўдны цёплы, утульны дом”, – прызналася кіраўнік фонду „Kraj Do Zycia” („Страна для жизни”) Марыя Мароз:

– Гэта дом, для ўцекачоў з Украіны незалежна ад нацыянальнасці. Калі гэта маці з дзіцяці да 15-ці гадоў ці з некалькімі дзецьмі, то мы прымаем такіх людзей, якія засталіся без дома, выехалі ў гэтай складанай сітуацыі ў Польшчу – у Варшаву ў прыватнасці. У нас на тэрыторыі Варшавы гэты шэлтар знаходзіцца, недалёка ад метро Trocka. Людзям зручна, там школа і садок побач, крама добрая і метро. Тут зручна жыць. Мы прымалі заяўкі па размяшчэнні ў гэтым доме менавіта маці з дзецьмі. Ужо гэты дом заселены поўнасцю. Як толькі ён будзе звальняцца, будуць свабодныя месцы, мы будзем зноў аб’яўляць пра тое, што ў нас вызвалілася месца, мы можам прыняць пэўную колькасць людзей. Дом разлічаны менавіта на маці з дзецьмі. Па-ціху забяспечваем цацкамі, напаўняем развіваючымі гульнямі, каб дзецям было там чым заняцца, пясочніцу будзем на вуліцы ўсталёўваць. Гэта такі вялікі трохпавярховы дом з прылягаючай тэрыторыяй, з залай вялікай, дзе можна разам бавіць час. Хочам стварыць камфортныя ўмовы для гэтых сем’яў, якія сутыкнуліся з такім вялікім горам. Там у нас ёсць і маці беларускі і ўкраінкі, усім вельмі падабаецца, усе вельмі ўдзячныя і задаволеныя. Мы стараемся забяспечваць і прадуктамі харчавання. Ёсць склады „ДАР” і „Партызанак”, куды наш адміністратар шэлтара будзе вазіць сем’і, якім патрэбная вопратка.

РР: Якім чынам вы адбіралі людзей, якія цяпер пасяліліся?

– Па прычыне таго, што колькасць месцаў у нас абмежаванае – гэта ўсяго сем пакояў, мы аб’явілі, што прымаем заяўкі на размяшчэнне ў гэтым доме. Нам прыйшло вельмі шмат заявак, мы ўзялі першыя заяўкі, абтэлефаноўвалі людзей. Практычна ўсе першыя заяўкі былі задаволеныя і яны засяліліся. Адзінае, што некаторыя пакоі разлічаны на 4-5 чалавек, а ў асноўным гэта маці з адным-двума дзецьмі. Мы тлумачылі сітуацыю: „У нас пакой на 5 чалавек, а вы маці з двума дзецьмі, то бок магчыма мы заселім яшчэ адну сям’ю ў гэты пакой. Там яшчэ па ўзросту падбярэм маці і дзяцей па ўзросце, каб ім было камфортна гуляцца, размаўляць”. Многія згаджаюцца, толькі адна сям’я адмовілася з падсяленнем. Атрымліваецца мы аб’явілі набор, раніцай гэты набор пачаўся, гадзіне а трэцяй-чацвёртай дня ўжо ўвесь дом быў забраніраваны. Яшчэ не ўсе сем’і даехалі, у чацвер у нас апошняя сям’я ўжо заязджае і будзе поўнасцю ўвесь дом. Проста забраніравалі месца, першыя падалі заяўку і даязджаюць.

Мы канешне разумеем, што людзі з гарачых кропак, з Харкава. Вось зараз сям’я засялілася, яны толькі-толькі прыехалі, гэтым людзям трэба даць нейкі час, каб адаптавацца. Пасля ў іх шмат складанасцяў узнікае, бо дзеці ж павінны вучыцца дзесьці, працягваць навучанне. Трэба зрабіць PESEL, рэгістрацыі, трэба думаць, як жыць далей, працаўладкоўвацца, працу шукаць. Мы калектывам дапамагаем, размаўляючы даведваемся чаго людзям не хапае, чым дапамагчы, куды накіраваць. Мы, беларусы, увесь гэты шлях на жаль праходзілі. Мы разумеем іх эмацыйны стан, канешне не на столькі, мы канешне не з вайны прыехалі, але наш эмацыйны стан таксама быў вельмі цяжкі. Мы разумеем, што цяпер ім трэба трохі асвоіцца ў гэтым доме, а пасля ўжо будзем суправаджаць, будзем разумець, што ім трэба і закрываць патрэбы. Канешне многія патрэбы мы будзем закрываць за кошт таго, што будзем прасіць людзей гэта рабіць. Вось цяпер мы, напрыклад, змясцілі пост пра тое, што дзеці заехалі, у іх няма вопраткі, у іх няма салодкасцяў – Пасха ўсё ж. Няма нейкіх цацак, можа быць даміно. Ёсць дзесяцігадовыя, дванаццацігадовыя, дзецям чатыры гады, сем гадоў. Каб яны маглі свой вольны час бавіць, каб ім было цікава. Гэта вельмі складана, бо маці такія разгубленыя, мы з адкрытым сэрцам, з адкрытай душой прымаем, усё гэта разумеем, праходзілі праз гэта. Спрабуем неяк паразмаўляць, будзем і псіхолагаў падключаць, калі трэба, будзем у працэсе выяўляць усё.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Больш падрабязную інфармацыю пра дапамогу пацярпелым можна знайсці на каналах Фонду „Страна для жизни”:

– пра падтрымку Дома для бежанцаў з Украіны: https://www.patreon.com/stranafund;

– пра падтрымку палітвязняў: https://by.stranafund.org/blog/fund/pomosh-politzakluchennym.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя