Марыя Мароз: Трагедыя Беларусі – у ад’ездзе змагароў
Валанцёрскі рух стаў асновай мінулай выбарчай кампаніі ў Беларусі. Зараз валанцёры і актывісты розных штабоў падвяргаюцца за сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю пераследу, ціску з боку нелегітымных уладаў, застаюцца без сродкаў на існаванне.
„Госць Рацыі” старшыня фонду Святланы Ціханоўскай „Краіна для жыцця” Марыя Мароз:
РР: Як вы трапілі ў гэтую пратэстную хвалю?
– У мяне ўсё склалася так, што ў пэўны момант стала зразумела – „Я ўжо не хачу быць у гэтым напружанні”. Мы вялі з мужам супольны бізнес, у нас усё было добра, некалькі крамаў у Рэспубліцы Беларусь. Кэйтэрынгам мы займаліся, у нас з фінансамі ў прынцыпе не было праблемаў. Але калі ты разумееш, што ты займаешся бізнесам па законах, а да цябе прыходзяць проста так ні з таго ні з сяго… Калі ты думаеш пра будучыню сваіх дзяцей, не бачыш перспектыў, думаеш як бы ім паехаць вучыцца за мяжу, то з гэтым трэба штосьці рабіць. У траўні я ўключылася ў збор подпісаў за Святлану Ціханоўскую, пасля так атрымалася, што я стала кіраўніцай яе перадвыбарчай кампаніі.
РР: Вы асабіста з ёй знаёмыя? Як гэта атрымалася?
– Так, канешне я з ёй знаёмая. Мы працуем у штабе і я кіраўнік фонду „Краіна для жыцця”. З гэтай назвы, з гэтага YouTube-канала пачынаўся ўвесь пратэстны рух у Беларусі.
РР: Як ствараўся фонд „Краіна для жыцця”?
– Гэты фонд выліўся з таго, што я сама з валанцёраў. Мы працавалі з траўня месяца на сваіх эмацыйных матэрыяльных сілах. Я ведаю, што гэта цэлая армія людзей у Беларусі, якая так жа, як і я ўкладалі ўсе свае сілы ў дасягненне вынікаў. Калі ўжо ў жніўні гэтыя выбары завяршыліся такім чынам, што былі сфальсіфікаваныя і падробленыя, то мы выехалі ў Літву. Нарадзілася ідэя стварыць гэты фонд, каб падтрымаць людзей – актывістаў і валанцёраў, якія засталіся ў Беларусі перадусім. У іх ёсць жаданне мяняць, трэба іх матэрыяльна і некаторымі праграмамі проста дапамагчы, каб яны рухаліся далей. Таму гэты фонд быў створаны. Сяргей Ціханоўскі, мы яму праз адваката задалі пытанне, ці лічыць ён патрэбным стварэнне такога фонду, ён падтрымаў і мы яго стварылі.
РР: Гэты фонд гэта афіцыйная арганізацыя, якая заснавана ў Літве?
– Гэта дабрачынны фонд, які адкрыты і зарэгістраваны ў Літве, у Вільні. Ён створаны трохі больш за месяц таму. на сённяшні дзень ужо шмат праграм реалізуем. Канешне ў нас не так шмат сродкаў, напаўненне не надта вялікае. Вось як бачыце гэты дом адкрылі ў Вільні, у нас яшчэ не было афіцыйнага адкрыцця, але ўжо людзі жывуць там. У Беластоку – гэта другі дом. Матэрыяльную дапамогу валанцёрам аказваем. З гэтага тыдня ў нас стартуе праграма дапамогі сем’ям палітычных вязняў, там вельмі сур’ёзная сітуацыя. Яна напраўлена на падтрымку такіх сем’яў у якіх ёсць дзеці. Самі разумееце, калі тата сядзіць, а мама засталася з двума з трыма дзецьмі, то ім канечне патрэбная матэрыяльная ці іншая падтрымка. Наша самая асноўная задача дапамагчы гэтым сем’ям, калі адна маці засталася.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота facebook.com