Матэвуш Маравецкі: Мы павінны дбаць пра добрыя стасункі з Беларуссю (абноўлена)
Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі з візітам у Падляшскім ваяводстве.
„Мы павінны дбаць пра добрыя стасункі з нашай краінай-суседкай Беларуссю, але пры гэтым не забываць пра свае ўласныя, польскія інтарэсы”, – адзначыў польскі прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі падчас падсумавання яго візіту ў Падляшскае ваяводства:
– Мы павінны таксама памятаць пра нашых беларускіх суседзяў, памятаць пра іх са стратэгічнага пункту гледжання. Мы хочам, каб яны некалі далучыліся да захаду Еўропы, хоць геаграфічна яны знаходзяцца на ўсходзе. Мы жадаем ім гэтага, жадаем, каб яны жылі ў згодзе з палякамі. Мы, канешне, хочам гэтай згоды, але нашыя інтарэсы, нашую культуру, нашую польскасць будзем, і гэта зразумела, заўсёды бараніць.
Таксама пра Беларусь прэм’ер Матэвуш Маравецкі ўзгадаў пры нагодзе наведвання памежнай вёскі Мастаўляны, дзе нарадзіўся Кастусь Каліноўскі. Паводле яго словаў, гэта нацыянальны герой Польшчы, Літвы і Беларусі, які нагадвае нам пра шматкультурную спадчыну.
Польскі прэм’ер-міністр таксама казаў пра тое, што „Лупашка” быў і застаецца героем польскага народу, а яго словы прысутныя на сустрэчы чальцы кіроўнай партыі „Права і справядлівасць” і запрошаныя госці сустрэлі апладысментамі:
– Ён змагаўся дзеля найлепшай, найвялікшай справы – для вольнай і моцнай Рэчы Паспалітай, змагаўся ў безнадзейныя часы. Зыгмунту Шэндзеляжу „Лупашку” як і яго паслядоўніку Уладзіславу Лукасюку, псеўданім „Молат”, які таксама змагаўся на гэтай падляшскай зямлі, аддаем гонар, памяць і падзяку. Аддаем за тое, што сваёй верай, сваёй сілаю волі, сваёй мужнасцю яны прывялі нас да незалежнай Рэчы Паспалітай.
Вуліца ў гонар Зыгмунта Шэндзеляжа „Лупашкі” з’явілася на мапе Беластоку летась у красавіку, але сёлета Рада гораду, у якой большасць атрымала апазіцыя, пастанавіла змяніць гэтую назву. Аднак у абарону „Лупашкі” устаў ваявода і скасаваў рашэнне Рады.
Прыгадаем, што кіраўнік Пятай Віленскай брыгады Арміі Краёвай маёр „Лупашка” меў на сваім рахунку злачынствы, учыненыя ў 1944-1945 гадах на мірных насельніках літоўскіх і беларускіх вёсак, у тым ліку Вілюкоў і Патокі на Беласточчыне, калі загінулі жанчыны і дзеці.
Ён ужо наведаў польска-беларускі пункт пропуску Кузніца Беластоцкая – Брузгі, дзе працуе новы чыгуначны сканер.
Пасля наведвання будоўлі хуткаснай дарогі S-61 Остраў Мазавецкі – Шчучын прэм’ер азнаёміўся з інфаструктурай на памежным пераходзе Кузніца Беластоцкая – Брузгі. Тут яму прадэманстравалі новае рэнтгенаўскае абсталяванне, што дапамагае затрымліваць кантрабанду, якая ідзе з усходняй мяжы.
– Праца, якую выконваюць памежныя службы, прыносяць карысць усім палякам. Гэта праца выконваецца на вышэйшым узроўні прафесіяналізму. У тым ліку праца Адміністрацыйна-падатковай палаты. І дзякучы ёй маем таксама новыя дарогі, як S-61, якую сёння мы наведалі, і іншыя розныя праграмы.
Як адзначыў Матэуш Маравецкі, дзякуючы працы мытнікаў, сёлета удалося не дапусціць кантрабанду 3,5 мільёнаў пачак цыгарэт. Новы рэнтген хутка запрацуе і для чыгункі, што дазволіць хучэй правяраць цягнікі і выяўляць нелегальны тавар, кажа супрацоўнік Адміністрацыйна-падатковай палаты ў Беластоку Мацей Чарнецкі.
– Калі казаць пра тое, што дае гэты рэнген, то перадусім больш хуткі агляд і кантроль. У той момант, калі цягнік праязджае праз рамку рэнгена, спецыялісты, якія абслугоўваюць абсталяванне, бачаць дакладна, што знаходзіцца ў кожным вагоне.
Пасля візіту ў Кузніцу Матэвуш Маравецкі ўсклаў кветкі да помніка Канстанціну Каліноўскаму ў Мастаўлянах, запланаваныя таксама ўдзел прэм’ера ва ўрачыстым святкаванні 189-годдзя пачатку лістападаўскага паўстання ў Копна-Гуры. Завершыць працоўны дзень прэм’ер сустрэчай з жыхарамі Беластока ва Упраўленні Падляскага ваяводства.
***
Дэпутат польскага Сейму Мечыслаў Башко падкрэслівае, што адной з галоўных тэм прыезду прэм’ера ёсць развiццё iнфраструктуры Падляшша. І прыгадвае пра важную трасу S19:
– Цягам васьмі месяцаў увесь час я імкнуўся да гэтага, каб S19 стала дарогай з двума праезнымі часткамі. І прынятае рашэнне, што варта скарыстацца старой дарогай, гэта будзе больш танна, якая злучае Беласток – Чорну Беластоцку – Саколку – Кузніцу.
Хуткасная дарога S19 паўстае ва ўсходняй частцы Польшчы паміж Кузніцай Беластоцкай на мяжы з Беларуссю і Барвінкам на мяжы са Славакіяй. Яе працягласць – гэта 570 кіламетраў. Таксама важны пункт праграмы Матэвуша Маравецкага – памежная вёска Мастаўляны і ўскладанне кветак да помніка ў гонар Кастуся Каліноўскага, які нарадзіўся ў гэтай вёсцы. Увечары прэм’ер сустрэнецца з жыхарамі Беластоку.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара
* * *
Сёння, 29 лістапада, прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі наведае Падляшскае ваяводства. Ён сустрэнецца з жыхарамі Беластока.
Расклад сустрэч:
Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі правядзе сёння амаль увесь дзень у Падляшскім ваяводстве.
11.00 – візіт прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага на будаўнічую пляцоўку хуткаснай аўтамагістралі S-61 Острув-Мазавецкі – Шчучын
13.15 – візіт прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага на памежны пераход Кузніца Беласток – Брузгі, чыгуначны сканер у Кузніцы
Адкрыты для СМІ
15.00 – Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі ўскладае кветкі да помніка Кастуся Каліноўскага, Мастаўляны
16.00 – удзел прэм’ер-міністра ва ўрачыстым святкаванні 189-й гадавіны пачатку лістападаўскага паўстання Могілкі паўстанцаў, Копна-Гура
18.15 – сустрэча прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага з жыхарамі Беластока, Падляшскае ваяводскае кіраванне, вул. Міцкевіча 3, Беласток
Матэвуш Маравецкі нядаўна сустрэўся з жыхарамі Кольна падчас 2-га польскага вясковага свята.