Матэвуш Маравецкі заклікаў пажылых палякаў не баяцца прышчэпак
Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заклікаў пажылых палякаў не баяцца прышчэпак супраць каронавіруса і запісвацца ў чаргу на вакцынацыю, паведамляе polskieradio.pl.
Кіраўнік Кабміна Польшчы нагадаў, што SARS-CoV-2 і хвароба COVID-19, якая можа развіцца ў выніку заражэння, найбольш небяспечныя менавіта для іх. І менавіта таму людзі старэйшыя за 70 гадоў знаходзяцца на першым этапе працэсу вакцынацыі ў Польшчы. Стварэнне спісаў вакцынацыі грамадзян пачнецца пасля 15 студзеня, а працэс прышчэплівання – 25 студзеня.
Цяпер у Польшчы працягваецца так званы нулявы этап прышчэплівання насельніцтва, які ахоплівае супрацоўнікаў службы аховы здароўя і падобных галін.
Міністэрства аховы здароўя Польшчы паведаміла сёння пра 4 тысячы шэсцьсот дваццаць два новыя выпадкі заражэння каронавірусам. У тым ліку ў Падляшскім ваяводстве 75 выпадкаў. Найбольш у Беластоку і Беластоцкім павеце. Як паведамляе Міністэрства аховы здароўя, за апошніія суткі ад COVID-19 у Польшчы памерлі 75 чалавек.
Fot. Maciek Jaźwiecki / Agencja Gazeta