Мечыслаў Навагродскі: Спадзяюся, што Беларусь пераможа



Мечыслаў Навагродскі – беластоцкі актывіст, якога можна сустрэць амаль на ўсіх беларускіх акцыях. Ён быў даверанай асобай Аляксандра Мілінкевіча на выбарах 2004 года, а цяпер суарганізатар многіх акцый беларусаў у Беластоку.

Мечыслаў расказаў, чаму быў вымушаны з’ехаць з Беларусі і чым зараз займаецца:

– Я быў даверанай асобай Аляксандра Мілінкевіча на парламенцкіх выбарах 2004 года. Я браў удзел у многіх палітычных кампаніях, пачынаючы з часоў навучання ў Гарадзенскім культасветвучылішчы. Выкладчыкам у мяне быў Віктар Шалкевіч – вядомы бард беларускі, вельмі ганаруся гэтым. Скончыў юрыдычны факультэт. Што не ведаю сваiх правоў зразумеў да паступлення ва ўнiверсітэт. Я займаўся правамі чалавека, браў удзел у падрыхтоўцы назіральнікаў. Пасля гэтага я нідзе не мог уладкавацца на працу. І паколькі я маю польскае паходжанне і маю карту паляка, я паехаў у Польшчу. Прыехаўшы сюды, я вельмі хацеў адысці ад палітыкі. Я не верыў, што ў народа беларускага атрымаецца тое, што атрымалася. Тое, што адбылося зараз, што я пабачыў праз інтэрнэт, не ўмяшчаецца ў галаве! Спадзяюся, што мы пераможам. Беларусь пераможа. Бо ўжо папросту няма шляху назад.

РР: У якіх грамадска-палітычных акцыях у Польшчы вы бралі ўдзел?

Мечыслаў Навагродскі: Напэўна, ва ўсіх акцыях, якія праходзілі ў Беластоку. І нават у Варшаве быў. Пасля выбараў я нават не мог хадзіць на працу, я быў настолькі ўражаны тым, што здарылася ў Беларусі. І мы штодзень прыходзілі пад Консульства Беларусі. Мая ідэя была з паветраным шарам. Я падумаў, як было б прыгожа, каб ён падняў бел-чырвона-белы сцяг. І мы гэта зрабілі. Пасля дапамагаў людзям зрабіць дакументы, кансультацыі даю. Бо вельмі шмат людзей прыехала ў Польшчу па палітычных матывах.

Цяпер Мечыслаў Навагродскі працягвае займацца грамадскай дзейнасцю, арганізоўвае акцыі і працягвае дапамагаць беларусам у складаных пытаннях адаптацыі ў Польшчы.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Францішак Цярэшка, Беларускае Радыё Рацыя