Медыцынская дапамога для палітвязняў – акцыя ў Беластоку



Палітычныя вязні патрабуюць нашай салідарнасці, але знаходзячыся за кратамі, многія з іх патрабуюць і адэкватнай медыцынскай дапамогі. Менавіта гэтай тэме беларусы Беластока прысвячаюць сваю чарговую акцыю. 

Па стане на 15 кастрычніка ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 804 чалавекі, сярод іх ёсць тыя, каму патрэбная пільная дапамога лекараў. Паводле праваабарончага цэнтру “Вясна”, з пачатку пратэстаў у краіне было арыштавана больш за 35 тысяч чалавек, а як мінімум 4644 чалавекі падвергліся катаванням і пацярпелі ад жорсткасці з боку сілавікоў.

Кажа прадстаўнік беларускай дыяспары ў Беластоку – Ян Абадоўскі:

На сёння ёсць Рыгор Кастусёў, у якога анкалогія, да якога не дапускаюць лекараў, і ніхто не кажа, які ў яго стан. Ёсць Ксенія Луцкіна, якая таксама ёсць хворая, мае гуз мозгу, і таксама ніхто не ведае, якая ў яе сапраўдная сітуацыя. Мы не хочам, каб людзі, палітычныя вязні, паміралі ў турмах. Мы патрабуем, каб да гэтых людзей дапусцілі лекараў.

Акрамя таго, улады чыняць правакацыі і падсаджваюць да палітвязняў асобаў, хворых на кавід. Як дадае Ян Абадоўскі, свае акцыі беларуская дыяспара Беластока праводзіць у каардынацыі з дыяспарамі ў іншых краінах свету:

Апошнім часам мы робім вельмі шмат акцый міжнародных. Беларускія дыяспары з розных краін свету абядналіся ў адзін чат, дзе разам плануем розныя акцыі. У тым ліку гэта акцыя адбудзецца ў суботу-нядзелю ў розных гарадах свету, таму што ў нас ёсць і ЗША, і Канада, і Еўропа. Голас дыяспары  гэта вельмі важны голас, які пачаў гучаць пасля жніўня 2020 года.

На чарговую акцыю беларусы Беластока запрашаюць у суботу, 16 кастрычніка, на 15 гадзін. Акцыя пройдзе каля будынка Генеральнага консульства РБ у Беластоку, што па вуліцы Электрычная, 9. Падчас яе таксама будзе магчымасць падпісаць паштоўкі палітычным вязням.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.