Менск наладжвае супрацоўніцтва з украінскімі рэгіёнамі
Чаркасы наведала беларуская дэлігацыя на чале з дарадцам беларускай амбасады Кірылам Камышовым.
На ўкраінска-беларускіх перамовах найбольш гаварылася пра Дняпро як пра патэнцыйную транспартную артэрыю. Адна з найбуйнейшых рэчак Еўропы, якая працякае і праз Беларусь, і праз Украіну, практычна не задзейнічаная ані ў гандлі, ані ў турызме.
Бізнэсоўцы з Чаркашчыны цікавяцца беларускім бітумам і дарогабудаўнічай тэхнікай. У Беларусь украінцы гатовыя прадаваць чаркаскі граніт і сельскагаспадарчую прадукцыю. Усе гэтыя тавары можна транспартаваць праз сучасны порт Адамаўка, што непадалёк Чаркасаў. Слушным падаецца і прапанова арганізаваць цеплаходны тур па Дняпры з Беларусі ва Украіну.
Пакуль усе прапановы знаходзяцца на стадыі распрацоўкі. Для арганізацыі камерцыйнага суднаходства па Дняпры трэба знайсці інвестараў.
Для Беларускага Радыё Рацыя – Марцін Война, Украіна.
Фота ck.ck.ua